«Хіба што яго падманулі. Пытанне толькі ў тым, хто і нашто». І апазіцыя, і еўрапейцы здзіўленыя лістом Сахашчыка

«Наша Ніва» спытала ва ўплывовых дзеячаў апазіцыі і прадстаўнікоў дзяржаўных структур еўрапейскіх краін, з чаго ўзяўся ліст Валерыя Сахашчыка з засцярогамі наконт атакі беспілотнікам па Беларусі. Ніхто нічога не разумее, прагучалі і рэзкія ацэнкі.

30.04.2024 / 20:49

Валерый Сахашчык. Фота ОСЦ

«Тут два варыянты: або сам Сахашчык падыграў КДБ, або людзі ў яго атачэнні, якім ён верыць, працуюць на КДБ», — сказаў «Нашай Ніве» інфармаваны афіцэр-эмігрант. Гэтае ж меркаванне мы пачулі ад абсалютнай большасці апытаных намі суразмоўцаў. 

Але больш за ўсё нас цікавіла, ці сапраўды Сахашчык атрымаў інфармацыю «з афіцыйных крыніц у кампетэнтных ведамствах шэрагу заходніх краін», як тое сцвярджалася ў лісце Дэпартамента нацыянальнай бяспекі, які ён стварыў і ўзначальвае? Мы не знайшлі доказаў гэтага.

У чым была задума Сахашчыка з гэтым пісьмом, як гэта ўсё разумець?

Мы разглядалі ўсе магчымыя версіі, звялі іх да чатырох асноўных.

1) Дэманстрацыя добрай волі з боку заходніх спецслужбаў. Яны паказваюць Мінску, што не дапусцяць ніякіх тэрактаў, і праз Сахашчыка засцерагаюць радыкальныя элементы апазіцыі ад абвастрэння сітуацыі.

2) Дэманстрацыя добрай волі Сахашчыка. Сахашчык гэтым лістом паказвае лукашыстам, што ён адказны гулец і будзе супраць сілавых метадаў і правакацый.

3) Шматхадовая акцыя Сахашчыка, скіраваная на дыскрэдытацыю парамілітарных клубаў, каб панізіць іх уплыў і павысіць свой уплыў унутры апазіцыі.

4) Ідэю Сахашчыку падкінула агентура КГБ, каб дыскрэдытаваць парамілітарныя клубы, бо беларускі КГБ бачыць у іх небяспеку.

З васьмі апытаных «Нашай Нівай» уплывовых дзеячаў апазіцыі, былых і дзейных сілавікоў ды інфармаваных журналістаў шэсць схіляюцца да чацвёртай версіі — што ідэю Сахашчыку хтосьці падкінуў у мэтах, якія выгадныя лукашэнкаўцам.

Яшчэ двое лічаць, што Сахашчык сам задумаў гэты ліст для ўзмацнення сваіх уплываў унутры апазіцыі.

«Мая версія, што Сахашчыка проста скарысталі, — кажа адзін з уплывовых лідараў беларускай апазіцыі. — Сахашчык клянецца, што яму гэта прыйшло праз замежныя спецслужбы, але незразумела, навошта замежным спецслужбам Сахашчык, каб данесці інфармацыю. Яны б гэта рабілі наўпрост — самі паінфармавалі б усе зацікаўленыя структуры», — кажа гэты палітык, які мае добрае разуменне механізмаў камунікацый дзяржаў Захаду і беларускіх апазіцыйных структур.

Былы афіцэр, цяпер інфармаваны эмігрант, пайшоў далей: «Тут два варыянты: або сам Сахашчык падыграў КДБ, або людзі ў яго атачэнні, якім ён верыць, працуюць на КДБ. Яго (звязаны з колам Сахашчыка — «НН») канал «Беларуская выведка» таксама ў гэтую канву працуе, нагнятае абстаноўку ў Літве», — сказаў афіцэр.

«Заходнія дыпламаты паказвалі мне тое, з чым прыходзіць да іх Сахашчык — гэта вытрымкі з канспіралагічнага тэлеграм-канала «Беларуская выведка», якую ён падносіў як актуальныя звесткі з Беларусі. Даводзілася гэта дэзавуяваць, хаця ўсё і так было ясна, пытанне было хутчэй у тым, навошта ён носіць заходнікам гэтае трызненне», — расказваў «Нашай Ніве» раней адзін з папулярных беларускіх палітычных аналітыкаў.

«Вакол Сахашчыка сапраўды ёсць людзі, якія маюць падазроную рэпутацыю. Асобныя з іх шукалі даверу тады яшчэ «Байпола» праз падвод туды «харошага хлопца» Артура Гайко (агент ГУБАЗіКа, які быў у выніку інфільтраваны ў «Інфапойнт» — «НН»). Сахашчык ведае гэта і многія іншыя эпізоды, але трымае такіх людзей каля сябе і давярае ім», — расказаў «Нашай Ніве» афіцэр з кола «Байпола»-«Белпола».

Некалькі апытаных пабачылі ў лісце Сахашчыка спробу прыбраць актыўных людзей з сілавога поля рукамі літоўцаў і палякаў.

«Сахашчык падстаўляе беларускія эміграцыйныя спартыўна-патрыятычныя клубы — усім скопам, дарэчы: «Паспалітае рушэнне», «Ліцвіны» і ім роўныя», такая ж там фармулёўка — пад падазрэнні ў вачах заходняга адрасата», — заўважае дзейны афіцэр беларускіх сілавых структур.

«Нанясенне ўдару па «аб'екце крытычнай энергетычнай інфраструктуры» счытваецца мной як удар па АЭС — гэта адзіны энергетычны аб'ект крытычнай інфраструктуры, да якога можна дацягнуцца беспілотнікам з тэрыторыі Літвы ці Польшчы, — кажа беларускі афіцэр. — Такія мэты тыя, хто хоча вярнуцца дадому, перад сабой ставіць не будуць. Гэта мэты тэрарыстычнай арганізацыі, таму выснова: пад лістом Сахашчыка мог бы лёгка падпісацца Церцель», — сказаў «Нашай Ніве» афіцэр.

«Насамрэч, калі б нейкія спецслужбы ведалі, што ў беларускіх асяродках Літвы і Польшчы адбывалася нешта небяспечнае, яны б праінфармавалі пра гэта наўпрост, а не праз Сахашчыка, — адзначае іншы сілавік, эмігрант. — Сахашчык тупа і груба набівае сабе цану. Але насамрэч ён сябе дыскрэдытуе гэтым», — мяркуе ён.

Але самае істотнае нам сказалі прадстаўнікі дзяржаўных структур еўрапейскіх краін, бо ж нібыта ад іх паходзіла інфармацыя пра магчымы ўдар беспілотнікам.

«Хіба што Сахашчыка падманулі. Пытанне толькі ў тым, хто і нашто», — сказаў нам высокапастаўлены і інфармаваны польскі чыноўнік.

Іншы высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат быў больш рэзкім: «Правакацыя КДБ, у якой узяў удзел Сахашчык. Або быў выкарыстаны».

Нагадаем, што з ліста Валерыя Сахашчыка, разасланага ў значную колькасць структур, які пасля выцек і ў СМІ, вынікала, нібыта беларусы з Літвы і Польшчы, якія звязаныя з вайскова-патрыятычнымі клубамі «Паспалітае рушанне» і «Ліцвіны», рыхтавалі ўдарны беспілотнік для таго, каб атакаваць абʼекты энергетычнай інфраструктуры ў Беларусі.

Аднак «Паспалітае рушанне» і «Ліцвіны» катэгарычна заявілі, што нічога не ведаюць ні пра якую падрыхтоўку беспілотніка.

У той жа час аналагічную тэму падняў у сваёй прамове на Усебеларускім народным сходзе 25 красавіка старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Іван Церцель. Ён пайшоў далей і заявіў, што гэта КДБ правёў шэраг «вострых мерапрыемстваў», каб прадухіліць атаку беспілотнікамі з тэрыторыі Літвы па аб'ектах пад Мінскам.

Прадстаўнік дэпартамента стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы маёр Гінтаўтас Чуніс у каментары LRT не проста абверг гэтыя паведамленні, а назваў іх трызненнем.

«Я магу на 100% сцвярджаць, што гэта дэзынфармацыя. Гэта трызненне, што Літва нанясе ўдар з беспілотніка па Беларусі, іншага слова я не магу падабраць», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што такія заявы з боку Беларусі «выклікаюць у мяне толькі ўсмешку».

МЗС Літвы, у сваю чаргу, уручыла Беларусі ноту пратэсту з нагоды заяваў Церцеля.

А «Паспалітае рушанне» параіла Сахашчыку «больш старанна правяраць інфармацыю, якая паступае да іх, перш чым распаўсюджваць яе».

Валерый Сахашчык назваў мэтай ліста апавяшчэнне пра магчымыя наступствы «ўсіх, хто мог быць неяк звязаны з гэтай сітуацыяй».

«Мы не абвінавачвалі і не шкодзілі іміджу адрасатаў, а наадварот, зрабілі ўсё, што ў нашых сілах, каб прадухіліць вельмі негатыўныя для іх наступствы з боку заходніх краін-партнёраў, прычым выключна ў канфідэнцыйным парадку», — падкрэсліваў Сахашчык.

Паводле яго, «гаворка ішла пра прафілактычнае прававое інфармаванне, абарону жыццяў беларусаў і прадухіленне ваеннай эскалацыі, якая выключна ў інтарэсах Расіі».

Сахашчык патлумачыў, навошта пісаў свой сакрэтны ліст пра атакі беспілотнікаў па Беларусі

Аповед Церцеля пра атаку дронаў з Літвы можа быць заснаваны на лісце Сахашчыка?

«Кіберпартызаны» адказалі Церцелю: Мы ніколі не планавалі атаку на БелАЭС

У Расіі пракаментавалі заяву КДБ наконт літоўскай атакі баявымі дронамі па Мінску

«Гэта трызненне». У Літве пракаментавалі заяву Церцеля пра імаверныя ўдары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску

Церцель заявіў, што КДБ прадухіліў удары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску

Nashaniva.com