Са знакамітага «танкалёта» Belavia знікла згадка гульні World Of Tanks
Тэлеграм-канал «От винта | Авиация Беларуси» паведамляе, што са знакамітага «танкалёта» — Boeing 737-300 (EW-254PA) — знікла згадка камп'ютарнай гульні World Of Tanks. Самалёт у перафарбаванай ліўрэі заўважылі 29 красавіка.
02.05.2024 / 15:53
Спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў аэрапорце, канал піша, што прычына — заканчэнне тэрміну арэнды рэкламы.
Самалёт быў брэндаваны ў ліўрэі аднаго з найбуйнейшых сусветных выдаўцоў і распрацоўшчыкаў гульняў Wargaming з канца ліпеня 2016 года. У пярэдняй частцы фюзеляжа было напісана: па правым борце — «World Of Tanks | The game from Belarus | Enjoyed worldwide», а па левым — «World of Tanks Игра из Беларуси | В которую играет весь мир».
Улетку 2022 года зарэгістраваная на Кіпры кампанія Wargaming прадала бізнэс у Беларусі і Расіі. Цяпер гульня называецца «Свет танкаў», а развівае яе расійская кампанія Lesta Games, у тым ліку яе мінскі офіс.
Верагодна, такі ж лёс з часам напаткае і «зубралёт» (другі брэндаваны самалёт Belavia — Embraer ERJ-195 з рэгістрацыйным нумарам EW-400PO). Той пачаў лётаць ва ўнікальнай ліўрэі крыху пазней, з лютага 2018 года. У параўнанні з «Боінгам», у яго адмысловым чынам дэкараваны яшчэ і салон: брэндаваныя «танкамі» падгалоўнікі крэслаў, адкідныя столікі на спінках сядзенняў і каўралінавая дарожка.
Колькі падаткаў заплацілі ў бюджэт Літвы фірмы з беларускімі каранямі
Wargaming сабраў больш за мільён даляраў на машыны хуткай дапамогі для Украіны
ГУБАЗіК затрымаў беларуса за тое, што ён у World of Tanks размясціў «Пагоню» на танку