Намеснік кіраўніка ГУР: Украіна не зможа перамагчы Расію толькі на полі бою
Са слоў Вадзіма Скібіцкага, у найбліжэйшыя месяцы Расія прыменіць «трохузроўневы план» дэстабілізацыі Украіны, які ўключае ў сябе маштабны наступ на пазіцыі УСУ і дэзінфармацыйную кампанію ўнутры краіны.
03.05.2024 / 08:10
Знішчаны Часаў Яр, за які вядуцца баі ўжо некалькі месяцаў. Фота: Policía de patrullas de Ucrania via AP
Кіеў чакае маштабнае наступленне расійскіх сіл на фронце ў найбліжэйшыя месяцы, заявіў у інтэрв'ю часопісу The Economist, апублікаваным у чацвер, 2 траўня, намеснік кіраўніка Галоўнай управы выведкі (ГУР) Мінабароны Украіны Вадзім Скібіцкі. Паводле ягоных прагнозаў, ужо ў траўні войска РФ пойдзе ў наступ на ўсходзе, пасля чаго пачне нарошчваць свае сілы ў Харкаўскай і Сумскай абласцях.
Здачу Часава Яра — апорнага пункта УСУ ў Данецкай вобласці — высокапастаўлены генерал назваў «пытаннем часу», піша Deutsche Welle
Скібіцкі адзначыў, што на гэты момант Расія мае агулам 514 тысяч вайскоўцаў сухапутных войскаў і плануе пашыраць колькасць асабістага складу шляхам прыцягнення рэзерваў.
У сваю чаргу УСУ, па словах намесніка кіраўніка ГУР, пакутуюць ад кадравага голаду і недахопу ўзбраенняў.
«Пройдуць тыдні, перш чым дапамога ЗША дабярэцца да лініі фронту. Наўрад ці яна зможа параўнацца з расійскімі запасамі снарадаў або забяспечыць эфектыўную абарону ад нетэхналагічных і разбуральных кіраваных авіябомбаў Расіі», — заявіў Вадзім Скібіцкі.
Акрамя таго, у Кіеве чакаюць нарошчвання Масквой дэзінфармацыйнай кампаніі ўнутры Украіны, накіраванай на падрыў украінскай мабілізацыі і палітычнай легітымнасці Уладзіміра Зяленскага.
Змястоўныя перамовы пачнуцца не раней за другую палову 2025 года
На думку Скібіцкага, Украіна не зможа выйграць вайну з РФ толькі на полі бою, нават калі УСУ ўдасца адкінуць расійскія войскі да межаў.
«Гэта не паклала б канец вайне. Такія войны могуць скончыцца толькі дамоўленасцямі», — падкрэсліў генерал, дадаўшы, што змястоўныя перамовы пачнуцца не раней за другую палову 2025 года, калі вайсковы вытворчы патэнцыял РФ значна скароціцца праз недахоп матэрыялаў і інжынераў.
Намеснік кіраўніка ГУР адзначыў, што Кіеў у любым выпадку мае намер працягнуць барацьбу, але яе зыход залежыць не толькі ад Украіны, але і ад еўрапейскіх партнёраў.
Са слоў Скібіцкага, калі краіны ЕС не знойдуць спосаб далейшага павелічэння абароннай вытворчасці, каб дапамагчы Украіне, яны ў выніку таксама апынуцца пад прыцэлам Расіі.
Часаў Яр. Чаму расіянам так важна захапіць гэты горад
Расіяне працягваюць прасоўвацца ў Данецкай вобласці
Расійскія вайскоўцы заявілі пра захоп чарговага мястэчка на Данбасе