У брытанскім Лідсе дэпутат пасля перамогі на выбарах падняў сцяг Палесціны і выгукнуў «Алах Акбар»
Мацін Алі балатаваўся ў гарадскую раду Лідса ад партыі зялёных. Ён выйграў у сваёй акрузе з вынікам 51,6%, апярэдзіўшы кандыдата ад лейбарыстаў, які набраў 39%.
06.05.2024 / 00:58
Мацін Алі. Скрыншот відэа: Тыкток
Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў Алі, які быў апрануты ў традыцыйную мусульманскую вопратку, падняў палесцінскі сцяг і ўсклікнуў:
«Нас не прымусяць маўчаць! Мы падымем голас Газы. Мы падымем голас Палесціны. Алах Акбар!»
Алі — кваліфікаваны муфтый, ён упаўнаважаны прымаць рашэнні па пытаннях мусульманскага права. Ён працуе бухгалтарам і жыве ў сваёй акрузе ўжо 20 гадоў, піша Daily Mail.
Моцін вядомы сваімі антысеміцкімі выказваннямі, падчас выбарчай кампаніі ён рабіў стаўку на прапалесцінскую і антыізраільскую рыторыку — у ягонай акрузе доля ісламскага насельніцтва складае 40%.
У кастрычніку 2023 года, пасля ўварвання баевікоў ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля і забойства мірных ізраільцян, Алі назваў Сектар Газа «самым вялікім канцэнтрацыйным лагерам у свеце» і заявіў, што палесцінцы маюць права на супраціў.
У ходзе мясцовых выбараў у Вялікабрытаніі кандыдаты-мусульмане, якія выкарыстоўвалі прапалесцінскую рыторыку, перамаглі яшчэ ў некалькіх акругах, адабраўшы месцы ў лейбарыстаў. Мусульманская грамада расчараваная тым, што лідар партыі Кейр Стармер выступае ў падтрымку Ізраіля і змагаецца з антысемітызмам унутры арганізацыі.
Лейбарысты перамаглі на мясцовых выбарах па ўсёй краіне, нанёсшы поўнае паражэнне кансерватарам, якія цяпер кіруюць. Але ў акругах з вялікімі мусульманскімі грамадамі Лейбарысцкая партыя страціла ад 25 да 43% галасоў.
Хрэнін пахваліў «мудрую і абачлівую» атаку Ірана на Ізраіль
Палесціна назвала Расію апорай у сваёй барацьбе