«Мы змагаемся не за тое, каб трошачку нешта змяніць, а каб прыбраць рэжым Лукашэнкі». Гісторыя беларускіх «Кіберпартызанаў»
Ад першых акцый у верасні 2020-га да ўзлому КДБ вясной 2024-га. «Свабода» пагаварыла з прадстаўніцай «Кіберпартызанаў», а таксама папрасіла ацаніць іх дзейнасць былога супрацоўніка беларускіх спецслужбаў.
07.05.2024 / 08:26
Беларускія «Кібэрпартызаны» зьявіліся ў верасьні 2020 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і пачатку пратэстаў. Ананімныя хакеры дзейнічалі на баку пратэстоўцаў. На пачатку існавала прынамсі некалькі груп, якія працавалі паасобку. Яны называлі сябе па колерах: «чырвоныя», «сінія», «жоўтыя».
Тая група, якая дагэтуль дзейнічае пад назвай «Кібэрпартызаны», калісьці адносіла сябе да «чырвоных». Яна спачатку налічвала пяць чалавек. Пасьля першай акцыі «заснавальнік» ініцыятывы, чыё імя дагэтуль публічна невядомае, пакінуў на ўзламаным сайце гандлёва-прамысловай палаты зашыфраванае паведамленьне. Тыя, хто яго расшыфраваў, здолелі зьвязацца зь ім і ўвайшлі ў першы склад каманды. Вядома, што «заснавальнік» застаецца ў камандзе дагэтуль.
У самым пачатку дзейнасьці ананімныя хакеры абяцаліся «пакласьці» падатковую і банкаўскую сыстэмы Беларусі, адключыць электрычнасьць.
«Будзе вельмі балюча, спачатку падатковая сыстэма «ляжа», потым электрычнасьць у краіне скончыцца, потым банкаўская сыстэма… Нам пад сілу і рубель забіць, і пачаць рахункі вашых блізкіх сяброў блякаваць», — абяцаліся яны, зьвяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі.
Прадстаўнікі ініцыятывы, якая існуе дагэтуль, кажуць, што гэта былі ня іхныя пагрозы. Група, якая гэтым займалася, ужо ня дзейнічае, ейны канал перастаў абнаўляцца некалькі гадоў таму. Яшчэ адзін канал, які пісаў пра беларускія хакерскія ўзломы, памяняў тэматыку.
Мэты цяперашніх «Кібэрпартызанаў» — дамагчыся зьмены нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі і дапамагаць Ўкраіне перамагчы Расею.
У камандзе 70 чалавек, большасьць — валянтэры
Людзі, якія першымі ўвайшлі ў каманду «Кібэрпартызанаў», прыйшлі з галіны IT, але не былі прафэсійнымі «хакерамі». Усяму вучыліся ў працэсе. Цяпер колькасьць кібэрпартызанаў вырасла да 70 чалавек, касьцяк — каля 30. Большасьць зь іх — валянтэры, сьцьвярджаюць прадстаўнікі ініцыятывы. Толькі невялікая частка каманды атрымлівае заробак. Офісу няма, людзі працуюць з дому.
Гэта ня толькі праграмісты, але і мэдыйнікі, якія пішуць допісы, ствараюць відэа і карцінкі; data-аналітыкі, што працуюць над аналізам вялізных аб’ёмаў дадзеных, якія спампоўваюць кібэрпартызаны зь дзяржаўных сыстэмаў; дасьледнікі, што працуюць з інфармацыяй з адкрытых крыніц (OSINT).
Усе кібэрпартызаны ананімныя. Адзіная публічная прадстаўніца — Юльяна Шаметавец. Беларуска, якая жыве ў ЗША, мае адукацыю ў сфэры міжнародных эканамічных адносінаў і паліталёгіі.
Яна тлумачыць, што стратэгічныя рашэньні ў камандзе прымае так званая «рада дырэктараў» — самыя давераныя людзі, якія найдаўжэй былі ў арганізацыі.
Скрыншот з узламанай старонкі дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, 2023 году
Паводле прадстаўніцы ініцыятывы, у кібэрпартызанаў дагэтуль ёсьць людзі, якія дапамагаюць ім унутры Беларусі. Так званыя «людзі на зямлі». Прэс-сакратарка кажа, што за супрацоўніцтва зь іхнай ініцыятывай за краты ніхто ня трапіў.
Беларускія хакеры называюць сябе «хактывістамі» — актывістамі, якія выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі для сацыяльнага руху. Самая вядомая ініцыятыва хактывістаў у сьвеце — Anonymous. Гэта міжнародная дэцэнтралізаваная сетка хакераў, якія маюць шмат кірункаў дзейнасьці. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну яны абвесьцілі вайну Ўладзіміру Пуціну.
Падрыхтоўка да моманту Х
Раней «Кібэрпартызаны» расказвалі, што дзейнічаюць ня толькі дыстанцыйна, але часам фізычна пранікаюць на аб’екты рэжыму Лукашэнкі, як гэта было пры ўзломе сыстэмы МУС. Апошнія ж атакі, кажа прэс-сакратарка ініцыятывы, ажыцьцяўлялі толькі празь сеціва, без фізычнага ўзьдзеяньня. Беларускія хакеры падкрэсьліваюць, што яны падчас сваёй дзейнасьці найперш клапоцяцца пра бясьпеку звычайных людзей і дбаюць, каб ім не нашкодзіць.
«Нам вельмі важна працаваць унутры Беларусі. Калі зьяўляецца нейкая магчымасьць: «чорны лебедзь» ці ня чорны, ці лягічнае разьвіцьцё пратэсту, мы павінныя быць гатовымі больш, чым мы былі гатовыя ў 2020 годзе. Аб працы, якую мы робім цяпер, мы ня можам гаварыць, мы ня можам яе паказваць. Можа быць, мы яе нават ня выкарыстаем, але мы павінныя гэта мець», — дзеліцца Юльяна Шаметавец.
Яна дадае, што частка іхнай працы — паказваць людзям вынікі барацьбы, што ніхто не забыўся пра змаганьне. Памяняць застаўку на нейкім дзяржаўным сайце, зь ейных словаў, ня надта складана, але гэта натхняе людзей. Да таго ж «Кібэрпартызаны» дапамагаюць беларусам зь бясьпекай, як гэта адбылося пры ўзломе сыстэмы КДБ.
Шаметавец адзначае, што чалавечы і часавы рэсурс каманды абмежаваны, таму даводзіцца выбіраць, якую атаку зрабіць. Часам людзі працуюць па 12-16 гадзін на дзень, каб правесьці нейкую апэрацыю.
Юльяна зазначае, што цяпер яны менш паведамляюць пра вынікі сваёй працы — паказваюць усяго 10-15%. Часам у іхным канале доўга няма ніякіх навінаў.
«Калі пра нас не чуваць пару месяцаў, адразу: «Вось, кібэры зьніклі! Нічога ня робяць!» Насамрэч мы цяпер робім нашмат больш, чым мы рабілі ў 2021 годзе. Проста цяпер нам няма патрэбы гэта выкладваць, бо пра нас ведаюць, нам давяраюць, у нас ёсьць партнэры», — кажа яна.
Узламаны сайт «Гомельскай праўды»
Цяпер, дадае прэс-сакратарка, «Кібэрпартызаны» атрымалі доступ да шэрагу дзяржаўных сыстэмаў, пра што ўласьнікі ня ведаюць.
«Нам важна захоўваць доступы, каб атрымліваць інфармацыю ў рэальным часе», — тлумачыць адсутнасьць інфармацыі пра такі ўзломы суразмоўца.
Сёлета ў красавіку «Кібэрпартызаны» пасьля двух месяцаў маўчаньня абвесьцілі, што пераехалі на новы канал. Высьветлілася, што так зрабілі паводле пратаколаў бясьпекі. Уласьнік папярэдняга іхнага канала спыніў актыўнае супрацоўніцтва з ініцыятывай два гады таму, а нядаўна зусім перастаў выходзіць на кантакт. У новым канале ўжо амаль 7 тысяч падпісчыкаў.
Змагаюцца за ўладу
Прадстаўнікі ініцыятывы адзначалі, што супрацоўнічаюць амаль з усімі пратэставымі арганізацыямі, дзеячамі, а таксама зь незалежнымі мэдыя і тэлеграм-каналамі.
«Кібэрпартызаны» ў жніўня 2021 году ўвайшлі ў рух «Супраціў» разам зь іншымі ініцыятывамі: «Буслы ляцяць» і «Дружыны народнага супраціву». Рэжым Лукашэнкі лічыць «Кібэрпартызанаў» і ўвесь рух «тэрарыстычнай» арганізацыяй. За ўдзел у ёй у Беларусі пагражае да 15 гадоў турмы.
У 2021 годзе «Кібэрпартызаны» сьцьвярджалі, што ня маюць палітычных амбіцый. Але ўжо тады яны вылучылі палітычнага прадстаўніка руху «Супраціў» — псыхіятра Дзьмітрыя Шчыгельскага. Прычынай назвалі павелічэньне эфэктыўнасьці ў дасягненьні, удзеле ў публічных выступах і кантакты з грамадзтвам.
Аднак цяпер стаўленьне да палітыкі памянялася.
«Мы ўжо ў палітыцы. Ёсьць такая тэорыя пэўнага экспэрта, што легітымныя ў палітычным сэнсе цяпер тыя сілы, якія робяць нешта і дамагаюцца нейкіх вынікаў. З гэтага пункту гледжаньня, жадаем мы ці не, мы ўжо зьяўляемся часткай палітычнай сілы», — тлумачыць Юльяна Шаметавец.
«Мы змагаемся не за тое, каб трошачку нешта зьмяніць, а каб прыбраць рэжым Лукашэнкі», — адзначае суразмоўца.
Пры зьмене і транзыце ўлады, мяркуе Шаметавец, шмат ейных калег будуць удзельнічаць у палітычным фармаце, частка ў сілавых структурах, ААЦ, над бясьпекай сыстэмы, бо цяпер, на ейную думку, беларускія заводы і ведамствы абаронены слаба.
Дапамога Ўкраіне
Па словах прадстаўніцы ініцыятывы, «Кібэрпартызаны» правяраюць усіх прэтэндэнтаў, якія хочуць ваяваць у палку Кастуся Каліноўскага. Яны перадаюць адчувальную інфармацыю, якая будзе цікавая ў ваенным кантэксьце, а таксама наконт беларускага і расейскага рэжымаў, розным спэцслужбам.
Прыкладам, сёлета ў лютым стала вядома, што беларускія хакеры ўзламалі сыстэму расейскага прадпрыемства «Арлан», якое выпускае дроны, і перадалі зьвесткі ўкраінскаму боку.
Падчас нашай размовы Юліяна знаходзіцца з працоўным візытам у Кіеве. Яна сустракалася там у тым ліку з каліноўцамі.
«Толькі пазытыўныя водгукі на тое, што кібэрпартызаны нядаўна зрабілі з КДБ. Таксама падзякавалі за тую праверку, якую мы праводзім», — пераказвае водгукі суразмоўца.
Акцыі і прадукты «Кібэрпартызанаў»
1. База пашпартоў
27 ліпеня 2021 году «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі пашпартную сыстэму і атрымалі зьвесткі ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама тых, хто мае дазвол на жыхарства ў Беларусі і падобныя дакумэнты. Гэта больш за 11 мільёнаў асабістых нумароў.
Па словах хакераў, яны таксама атрымалі доступ да засакрэчанай інфармацыі пра сілавікоў, людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ і выведнікаў у Эўразьвязе. Частку гэтай інфармацыі яны плянавалі перадаць сяброўскім ініцыятывам «Каратели Беларуси», blackmap.org і «Буслы Ляцяць» для будучага «грамадзянскага трыбуналу». Зьвестак «звычайных беларусаў» кібэрпартызаны абяцаліся «не чапаць». Усю базу цалкам абяцаюць перадаць толькі новым уладам Беларусі.
Прадстаўнік украінскай падобнай хакерскай групы «Ўкраінскі кібэральянс» Андрэй Барановіч (псэўданім Шон Таўнсэнд) ахарактарызаваў тады гэты ўзлом як найбуйнейшы і найбольш пасьпяховы ўзлом дзяржаўных сыстэм з 2015 году, калі кітайскія хакеры ўзламалі сэрвэры Ўпраўленьня кадравай службы ў ЗША. Тады зламысьнікі атрымалі інфармацыю пра мільёны амэрыканскіх дзяржаўных службоўцаў, у тым ліку пра супрацоўнікаў спэцслужбаў.
Ананімныя беларускія хакеры таксама сьцьвярджаюць, што ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), Упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС, дзяржаўны рэестар нерухомасьці, базы зьвестак усіх апэратараў сувязі ў Беларусі, памежную базу ўсіх асобаў, якія перасякалі мяжу Беларусі цягам апошніх 15 гадоў.
2. Узлом чыгуначных сыстэм
Прадстаўнікі «Кібэрпартызанаў» сьцьвярджаюць, што яшчэ перад поўнамаштабным уварваньнем Расеі ва Ўкраіну ўзламалі чыгуначную сыстэму Беларусі і атрымалі доступ да аўтаматызаванай сыстэмы, якая адказвае за разьмеркаваньне маршрутаў. А пасьля 24 лютага 2022 году яны з дапамогай кансультацый саміх чыгуначнікаў здолелі адключыць такім чынам гэтую сыстэму, што рух вайсковых цягнікоў, якія ішлі з Расеі на Ўкраіну, спыніўся прынамсі на тыдзень. Афіцыйныя асобы гэтай інфармацыі не камэнтавалі.
3. Аўдыёзапісы размоваў сілавікоў і чыноўнікаў
Беларускія хакеры ўлетку 2021 году абвесьцілі, што атрымалі доступ да запісаў тэлефонных размоваў сілавікоў цягам паўгода да ўзлому. Зь іхных словаў, яны ўзламалі сэрвэры Дэпартамэнту забесьпячэньня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС. З запісаў стала вядома, што магло адбывацца ўнутры сілавой сыстэмы перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і пасьля іх, зь якой жорсткасьцю сілавікі і чыноўнікі плянавалі свае апэрацыі.
Сярод «зьліваў» былі запісы размовы, імаверна, прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і кіраўніку менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы перад рэйдам на «плошчу Перамен» — аднаго зь яскравых цэнтраў пратэстаў, дзе разьвешвалі бел-чырвона-белыя стужкі і намалявалі графіці з «дыджэямі перамен». Пасьля таго рэйду забілі жыхара «плошчы Перамен» Рамана Бандарэнку.
«Дзьмітры Ўладзімеравіч, стужкі — гэта ж другасна. Нам патрэбныя галовы», — гаворыць голас на запісе, які, як мяркуецца, належыць Натальлі Эйсмант.
Натальля Эйсмант і Дзьмітры Балаба. Ілюстрацыйны каляж
Хакеры таксама апублічылі аўдыёзапіс з сэлектарнай нарады, якую 6 жніўня 2020 году праводзіў тагачасны міністар унутраных спраў Юры Караеў. Зь яго вынікае, што сілавікі плянавалі сьцягнуць у Менск значныя сілы на выпадак «прайграных выбараў». Адпраўляць у сталіцу меркавалі нават турэмных «канвойнікаў», пакідаючы месцы зьняволеньня амаль без аховы. Караеў засьцерагаў, што і сярод зьняволеных могуць успыхнуць бунты.
«Кулямёты на вышках паставім, калі на тое пайшло. А можа, у бараках і «сожгём», калі ніяк…», — казала на нарадзе асоба з голасам, падобным да голасу Юрыя Караева.
Ён таксама заахвочваў весьці працу з насельніцтвам, каб «усе на ўсіх «стучали»». Асобны загад паступіў адносна членаў выбарчых камісій: каб сілавікі даставілі іх дадому «без пашкоджаньняў псыхікі і цела».
У іншых аўдыёзапісах, як мяркуецца, чуваць, як міліцыянты расказваюць пра гвалт, які яны чынілі ў дачыненьні да людзей, і сьмяюцца.
4. Партызанскі Telegram
«Кібэрпартызаны» яшчэ ў 2021 годзе прадставілі сваю вэрсію Telegram, якую яны распрацавалі на падставе існага.
Распрацоўнікі сьцьвярджаюць, што іхны варыянт дапамагае засьцерагчы сябе, калі сілавікі просяць перадаць ім тэлефон, а чалавек не пасьпеў выдаліць падазроныя перапіскі і падпіскі на забароненыя каналы. Таксама ён у патрэбны момант можа адправіць паведамленьні сябрам пра затрыманьне ўласьніка тэлефона. Ёсьць іншыя опцыі, якія чалавек настройвае сам.
Са словаў Юльяны Шаметавец, партызанскім Telegram карыстаюцца прыкладна 5-10 тысяч чалавек. Гэта ня толькі беларусы ў Беларусі, але і ўкраінцы на акупаваных тэрыторыях. Нават іранскія пратэстоўцы прасілі перавесьці аплікацыю на пэрсыдзкую мову, каб карыстацца ёй. Прэс-сакратарка «Кібэрпартызанаў» кажа, што ім вядомыя выпадкі, калі іхная праграма ўратавала людзей ад зьняволеньня.
5. «Зьліў» базы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі
У красавіку 2024 году «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі сыстэму КДБ. Яны спампавалі ня толькі асабістыя зьвесткі пра спэцслужбоўцаў, але і базу зваротаў людзей у КДБ. Сярод 40 тысяч зваротаў частку склалі даносы на беларусаў (у тым ліку на саміх сябе) і прапановы супрацоўнічаць з КДБ.
Будынак КДБ у Менску
Дзякуючы гэтай базе выявілі двух чалавек, якія сёлета балятаваліся ў Каардынацыйную раду, але пры гэтым раней пісалі даносы на іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці (Міколу Аўтуховіча і Эдуарда Пальчыса). Таксама стала вядома, што данос на жыхара «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава, якога асудзілі на 8,5 года турмы, напісаў ягоны калега-арбарыст з Расеі.
Падпісчыкі «Кібэрпартызанаў» пасьля «зьліву» базы КДБ дапамаглі аформіць яе ў больш зручным фармаце, зрабілі пошукавік, каб зручней было правяраць інфармацыю.
Этыка ці бясьпека?
База налічвае 40 тысяч зваротаў у КДБ. Аднак пазьней высьветлілася, што даносы ў ёй складаюць малую частку. Многія беларусы пісалі запыты, бо шукалі зьвесткі пра сваіх рэпрэсаваных сваякоў; рэдактарка Tut.by Марына Золатава шукала інфармацыю пра затрыманага журналіста. Сярод зваротаў аказалася і каля 80 хадайніцтваў аб вызваленьні Віктара Бабарыкі, які хацеў стаць прэзыдэнтам і якога асудзілі на 14 гадоў турмы.
У сеціве зьявіліся абураныя камэнтары. Маўляў, неэтычна выкладаць такую інфармацыю ў агульны доступ, варта было адсартаваць толькі даносы. Аднак самі хакеры не шкадуюць пра свой учынак. Каб апрацаваць усю базу зваротаў, спатрэбілася б недзе паўгода-год, кажа Юльяна Шаметавец. Да таго ж у «зьліве» няма пашпартных зьвестак людзей.
«За гэты час людзі б ужо пайшлі ў Каардынацыйную раду, дадаліся б у нейкія суполкі. Што больш важна? Для нашага разуменьня больш важнае пытаньне бясьпекі і прыпыненьне працы агентаў уплыву і агентаў рэальных, якія працуюць з КДБ», — кажа яна.
Суразмоўца згадала, што яшчэ ў 2021 годзе хакеры ўзламалі базу тэлефонных зваротаў у МУС. Аднак нават за два гады валянтэры ня здолелі апрацаваць усе даносы.
Юльяна Шаметавец дадала, што ніхто не пісаў ім прэтэнзій, што яго зварот выклалі ў агульны доступ.
«У бот пішуць толькі словы падзякі», — камэнтуе яна.
Шаметавец мяркуе, што апублічаная база зваротаў таксама мае спыніць тых людзей, якія хацелі б патаемна супрацоўнічаць з КДБ, бо ўсё адно зьвесткі пра іх стануць публічнымі.
«КДБ ня будзе абараняць іхныя дадзеныя», — перакананая яна.
Былы кадэбіст: гэта аглушальны правал
Сытуацыю з узломам сыстэмы КДБ Свабодзе пракамэнтаваў непублічны «кампэтэнтны» ў дзейнасьці КДБ прадстаўнік BelPol. Паводле яго, гэта вельмі пасьпяховая апэрацыя і істотны ўдар па спэцслужбах.
«Да 2020 году КДБ цалкам дэградаваў у прававым і маральным пляне. Цяпер мы ўбачылі яскравае пацьверджаньне, што адбылася і прафэсійная дэградацыя так званых «органаў дзяржбясьпекі», якія не змаглі забясьпечыць элемэнтарную захаванасьць канфідэнцыйнай інфармацыі нават у сваім нешматлікім ведамстве», — камэнтуе былы кадэбіст.
Ён называе ўзлом ня іміджавай стратай, а аглушальным прафэсійным правалам КДБ. Суразмоўца мяркуе, што выкрытых «добраахвотных інфарматараў» КДБ чакаюць забарона на ўезд у Эўразьвяз або дэпартацыя адтуль і крымінальная адказнасьць за шпіянаж на карысьць рэжыму Лукашэнкі.
«КДБ сур’ёзна падставіў сваіх «памочнікаў» і падарваў давер да «чэкістаў»», — разважае прадстаўнік BelPol.
Ён мяркуе, што людзі, чые асабістыя зьвесткі сталі публічнымі, могуць зьвярнуцца ў КДБ па кампэнсацыю маральнай шкоды.
«Як раней было прынята казаць у КДБ: «Пасьля такога нармальны афіцэр даўно б застрэліўся». Толькі адкуль знойдуцца сярод здраднікаў прысязе нармальныя афіцэры?» — разважае іхны былы калега.
Прадстаўнік BelPol мяркуе, што за такі інцыдэнт да 2020 году Лукашэнка б зьняў кіраўніка КДБ. Цяпер у яго менш магчымасьцяў мяняць кадры, да таго ж яму выгадна мець кампрамат на начальнікаў, бо імі тады лягчэй кіраваць.
Былы супрацоўнік КДБ таксама кажа, што за ўнутраную бясьпеку ў ведамстве адказвае ўпраўленьне рэжымна-сакрэтнай дзейнасьці ў цэнтральным апараце КДБ. Заробкі там значна меншыя, чым у IT-сфэры. У 2020 годзе маёр-падпалкоўнік з выслугай вайсковай службы ў 10-15 гадоў атрымліваў каля 700 даляраў. З таго часу выплаты павялічыліся нязначна.
Прадстаўнік BelPol адзначыў, што сакрэтная інфармацыя ў сыстэме КДБ цыркулюе па «закрытых сетках» і апрацоўваецца на кампутарах, якія прайшлі адмысловую праверку і ня маюць выхаду ў інтэрнэт.
«Таму пры выкананьні ўнутраных рэглямэнтаў выцекі практычна выключаныя. Але ёсьць так званы «чалавечы фактар», які можа зрабіць уразьлівай нават, здавалася б, бездакорную сыстэму бясьпекі», — камэнтуе суразмоўца.
Адказнасьць памерам зь дзяржаву
У руках невялікай каманды аказаліся зьвесткі, якімі павінна валодаць цэлая дзяржава. Інфармацыю захоўваюць на сэрвэрах, не падключаных да інтэрнэту. Юльяна тлумачыць, як яны спраўляюцца з гэтай адказнасьцю.
«Нам пашанцавала, што галоўныя людзі, якія пачалі гэтую працу, аказаліся вельмі адказнымі, вельмі разумнымі. Заўсёды ёсьць рызыка. Таму мы не даём доступу нават тым людзям, якія доўга працуюць. Большасьць удзельнікаў нашай каманды ня мае поўнага доступу да базаў, якія ў нас ёсьць. Вельмі-вельмі маленькая колькасьць людзей доступ мае», — тлумачыць Юліяна.
Яна адзначае, што за тры гады працы ніхто не скарыстаўся ў сваіх мэтах доступам да гэтай базы і не скампрамэтаваў атрыманых зьвестак. Суразмоўца дадае, што яны вельмі асьцярожна дзеляцца дадзенымі, якія маюць, з журналістамі або экспэртамі, якія да іх зьвяртаюцца.
«Лішні раз мы лепей нешта не дамо, чым сальём нейкую прыватную інфармацыю», — падкрэсьлівае яна.
Галоўным вынікам дзейнасьці «Кібэрпартызанаў» Юльяна называе тое, што яны наносяць шкоду рэжыму Лукашэнкі.
«Так што Лукашэнка стаіць, згадвае нас і апраўдваецца наконт інфармацыі, якую мы «зьліваем». Ці ён кажа, што ён будзе садзіць чыноўнікаў, калі яны ня будуць мяняць паролі», — разважае прадстаўніца «Кібэрпартызанаў».
«Мы дапамагаем людзям, вэрыфікуем. Дзякуючы нам нехта пазьбег турмы, ня трапіў у лапы рэжыму. Гэта вельмі важна. Усё, што дапамагае перадусім беларусам унутры Беларусі, гэта для нас галоўная праца», — кажа Юльяна.
Даносчыкі зараз двойчы падумаюць
Суддзя, якая выносіла прысуд Ціханоўскаму, прасілася вярнуцца на працу ў КДБ. Але яе не ўзялі
«Я не даносіў, мы ж сябруем». Як апраўдваюцца выкрытыя стукачы
Беларусы напісалі 40 тысяч даносаў? Не, гэта непраўдзівае сцверджанне