Сёння спаўняецца 25 гадоў, як быў забіты Юрый Захаранка
Былы міністр унутраных спраў Беларусі генерал Юрый Захаранка бясследна знік 7 мая 1999 года. На той момант яму было 47 гадоў.
07.05.2024 / 10:05
Юрый Захаранка ўзначальваў міністэрства з 1994 па 1995 год.
Быў у камандзе Лукашэнкі на выбарах 1994 года, але потым расчараваўся і сышоў у апазіцыю.
У адным з інтэрв’ю Захаранка згадаў гутарку з кіраўніком Рады бяспекі Віктарам Шэйманам, які настойваў, што міністр мусіць выканаць любы загад прэзідэнта.
«Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», — тады адказаў кіраўнік сілавога ведамства.
У кастрычніку 1995-га Захаранку не толькі звольнілі, але і панізілі ў званні з генерал-маёра да палкоўніка. Нагодай для адхілення з пасады сталі нібы фінансавыя парушэнні.
Захаранка далучыўся да Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
На альтэрнатыўных выбарах 1999 года падтрымліваў кандыдатуру былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, шмат ездзіў па краіне, выступаў.
Захаранка знік 7 мая 1999 года.
Паводле слоў былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева і экс-сілавіка Юрыя Гараўскага, Захаранка быў скрадзены так званым «эскадронам смерці» і забіты. Ягонае цела не знойдзена. Гараўскі даводзіў, што яно было спаленае ў крэматорыі Паўночных могілак Мінска.
Паводле сведчанняў Гараўскага, стрэліў у спіну Захаранку Дзмітрый Паўлічэнка.
Сям’я Захаранкі з’ехала ў Германію, дзе атрымала палітычны прытулак. Маці Улляна Рыгораўна памерла ў 2018 годзе ва ўзросце 95 гадоў. Да канца жыцця яна працягвала чакаць сына.
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бягомлем ФОТА
«Машына была на глыбіні аднаго метра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Экс-спецназавец Юрый Гараўскі адказаў на абвінавачванні ад Паўлічэнкі ў хлусні
Дзмітрый Паўлічэнка выступіў з афіцыйнай заявай наконт абвінавачванняў у забойствах палітыкаў
«Я не даваў такой каманды». Лукашэнка пракаментаваў справу зніклых палітыкаў