У Літве стартавала датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта і рэферэндуме. Але доўжыцца ўсяго тры дні
У Літве ў аўторак пачынаюцца тры дні датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах і рэферэндуме аб захаванні грамадзянства (у Беларусі датэрміновае галасаванне ідзе з аўторка па суботу ўключна).
07.05.2024 / 10:17
Гітанас Наўседа. Фота: Наша Ніва
Да вечара чацвярга выбаршчыкі з 7 да 20 гадзінаў змогуць прагаласаваць ва ўсіх 60 муніцыпалітэтах, незалежна ад таго, дзе яны дэкларавалі сваё месца жыхарства.
Прагаласаваць датэрмінова ў аўторак плануюць некалькі палітыкаў, піша Delfi.lt.
Галоўны дзень прэзідэнцкіх выбараў і рэферэндуму аб захаванні грамадзянства — нядзеля.
За пасаду кіраўніка краіны пазмагаюцца восем кандыдатаў — Гітанас Наўседа, які балатуецца на другі тэрмін, вылучаная кансерватарамі прэм'ер Інгрыда Шыманіце, прадстаўнік Партыі свабоды, былы старшыня Канстытуцыйнага суда Дайнюс Жалімас, самавылучэнцы Ігнас Вегеле і Эдуардас Вайткус, заснавальнік партыі «Світанак над Нёманам» Рэмігіюс Жэмайтайціс, вылучаны Саюзам дэмакратаў «у імя Літвы» Гедрымас Яглінскас і старшыня Партыі працы Андрус Мазуроніс.
Падчас першага тура прэзідэнцкіх выбараў таксама адбудзецца рэферэндум аб множным грамадзянстве. На рэферэндуме будзе прапанавана адмовіцца ад цяпер унесенай у Канстытуцыю Літвы фразы:
«за выключэннем асобных выпадкаў, прадугледжаных Законам, ніхто не можа быць адначасова грамадзянінам Літоўскай Рэспублікі і іншай дзяржавы». Гэта палажэнне не дазваляе захаваць грамадзянства Літвы пасля набыцця грамадзянства іншай дзяржавы.