СБУ заяўляе аб спробе замаху на Зяленскага: затрыманы двое палкоўнікаў упраўлення Дзяржаховы

Служба бяспекі Украіны заяўляе аб зрыве планаў ФСБ РФ па ліквідацыі прэзідэнта Украіны і іншых прадстаўнікоў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы.

07.05.2024 / 14:04

«Контрразведка і следчыя СБУ сарвалі планы ФСБ па ліквідацыі прэзідэнта Украіны і іншых прадстаўнікоў вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы.

Рэалізаваць планы павінна была агентурная сетка, якую загадзя выкрыла Служба бяспекі Украіны пры садзейнічанні кіраўніцтва Упраўлення дзяржаўнай аховы. У склад сеткі, дзейнасць якой ФСБ курыравала з Масквы, уваходзілі двое палкоўнікаў упраўлення Дзяржаховы, якія «злівалі» сакрэтную інфармацыю РФ.

Так, вораг актыўна распрацоўваў планы па ліквідацыі прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. Адной з задач агентурнай сеткі ФСБ быў пошук выканаўцаў сярод вайскоўцаў, набліжаных да аховы прэзідэнта, якія маглі б узяць кіраўніка дзяржавы ў заложнікі, а затым яго забіць.

Акрамя Зяленскага, вораг планаваў ліквідаваць кіраўніка СБУ Васіля Малюка, кіраўніка ГУР Кірыла Буданава і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе СБУ.

Па даных следства, падазраваныя, знаходзячыся на службе ва ўпраўленні Дзяржаховы, добраахвотна за грашовую ўзнагароду аказвалі прадстаўнікам ФСБ РФ дапамогу ў правядзенні падрыўной дзейнасці супраць Украіны. Яны перадавалі прадстаўнікам расійскай спецслужбы канфідэнцыйную інфармацыю, а таксама падрыхтавалі і хавалі сродкі і прылады для ўчынення тэрарыстычнага акта.

Для гэтага адзін з падазраваных атрымаў ад прадстаўнікоў ФСБ РФ два беспілотныя лятальныя апараты тыпу FPV-дроны і два боепрыпасы да іх. У далейшым ён павінен быў перадаць гэтыя сродкі паражэння іншым саўдзельнікам крымінальнага злачынства для ажыццяўлення выбуху.

Аб'ектам замаху прадстаўнікі ФСБ РФ вызначылі адзін з прыватных дамоў на тэрыторыі Кіеўскай вобласці, дзе нібыта павінен быў знаходзіцца ўкраінскі высокапастаўлены чыноўнік.

«Аднак такія намеры былі своечасова выкрыты і задакументаваны праваахоўнымі органамі Украіны. Такім чынам удалося прадухіліць завяршэнне злачынства, а падазроных — затрымаць», — паведамляе СБУ.

Падчас вобыскаў па месцы іх пражывання знойдзены рэчы і дакументы з доказамі злачыннай дзейнасці. 

Украінскі марскі дрон знішчыў расійскі вайсковы катар у Крыме

Крэмль патлумачыў рашэнне аб вучэннях ядзерных сіл ля мяжы з Украінай

FT: Расія плануе тэракты і дыверсіі ў Еўропе

Nashaniva.com