«Адкажуць па законе». Улады Грузіі пачалі фармаваць спіс пратэстоўцаў супраць закона аб замежных агентах

У Грузіі сфармуюць спіс пратэстоўцаў супраць закона аб замежных агентах. Пра гэта заявіў спікер парламента Шалва Папуашвілі. У базу трапяць асобы, «датычныя да гвалту, пагроз і шантажу», а таксама тыя, хто «публічна ўхваляў такія дзеянні», піша «Новая газета Европа».

08.05.2024 / 22:35

Базу апублікуюць на спецыяльным сайце, яна будзе даступная для ўсіх. У дачыненні да асоб, якія трапяць у спісы, «будуць прынятыя ўсе меры ў рамках Канстытуцыі і законаў», заявіў Папуашвілі.

Паводле яго слоў, апазіцыйная партыя «Нацыянальны рух» «аказвала ціск на спартсменаў і дзеячаў культуры, каб тыя зрабілі заявы, неабходныя для выступоўцаў супраць кіроўнай партыі».

«За апошнія тыдні грамадства стала сведкам жорсткага штурму будынка парламента, нападаў на супрацоўнікаў праваахоўных органаў, незаконных абмежаванняў перамяшчэння грамадзян, фізічнага і слоўнага гвалту ў дачыненні да незадаволеных [дзеяннямі апазіцыі] грамадзян. Усё гэта выходзіла за рамкі культуры мірнага пратэсту», — лічыць спікер парламента.

Масавыя пратэсты супраць закона аб замежных агентах, які называюць «расійскім», аднавіліся ў сярэдзіне красавіка. Парламент прыняў закон у другім чытанні, што справакавала ўзмацненне пратэстаў. Мітынгі жорстка разганяюцца паліцыяй і спецназам.

Кіроўная партыя «Грузінская мара» заявіла, што не мае намеру адступаць і збіраецца канчаткова прыняць закон.

У Грузіі шпіталізавалі 8 пратэстоўцаў супраць закона аб іншагентах

Парламент Грузіі прыняў законапраект аб «замежных агентах» у другім чытанні, пратэсты працягваюцца

У Грузіі паліцыя ўжыла слёзатачывы газ і вадамёты на мітынгу супраць закона аб замежных агентах

Еўрапол затрымаў групу грузінаў, якія кралі кнігі рускіх пісьменнікаў з еўрапейскіх бібліятэк

Nashaniva.com