Марыне Золатавай прысудзілі міжнародную прэмію Ёхана-Філіпа Палма
«Перад абліччам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер Марына Золатава паказала сябе як чалавек незвычайнай мужнасці і сумленнасці», лічаць «Рэпарцёры без межаў».
10.05.2024 / 11:35
Марына Золатава. Жнівень 2020 года. Фота: Наша Ніва
Марыне Золатавай прысудзілі міжнародную прэмію Ёхана-Філіпа Палма. На прэмію галоўнага рэдактара Tut.by намінавала праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». Разам з Марынай Золатавай яе таксама атрымае афганская рэдакцыя Zan Times. Уручэнне пройдзе ў снежні 2024 года ў нямецкім горадзе Шорндорф, піша Deutsche Welle.
«Перад абліччам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер Марына Золатава паказала сябе як чалавек незвычайнай мужнасці і сумленнасці», — лічаць «Рэпарцёры без межаў» і апякунская рада фонду Palm.
Марыну Золатаву затрымалі тры гады таму, 18 траўня 2021 года, падчас пагрому Tut.by. У сакавіку 2023 года яе разам з гендырэктарам Людмілай Чэкінай суд прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўлення волі. Прызначаны тэрмін яны адбываюць у калоніі ў Гомелі.
Паводле інфармацыі «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь займае трэцяе месца ў свеце па колькасці зняволеных журналістаў. У сусветным рэйтынгу свабоды прэсы краіна займае 167 пазіцыю — са 180 магчымых.