Беларусы больш не змогуць схавацца ў Расіі ад аліментаў

У аналагічнай сітуацыі будуць і расіяне.

13.05.2024 / 17:33

Савет Рэспублікі ратыфікаваў дагавор з Расіяй, які рэгулюе парадак узаемнага выканання рашэнняў судоў па аліментах.

Цяпер судовыя выканаўцы дзвюх краін змогуць пачынаць вытворчасць у выпадку наяўнасці звестак аб працаўладкаванні даўжніка нават пры адсутнасці дадзеных аб яго рэгістрацыі па месцы жыхарства, паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі.

Гэта значыць, што беларусам з рэгістрацыяй на радзіме больш не ўдасца схавацца ад аліментаў, з'ехаўшы працаваць у Расею. Аналагічны прынцып будзе дзейнічаць і ў дачыненні да расейцаў, якія паедуць на працу ў Беларусь.

Раней для спагнання аліментаў было неабходна, каб неплацельшчык быў зарэгістраваны па месцы жыхарства. Цяпер жа судовыя выканаўцы будуць улічваць дадзеныя працоўнай кніжкі, аліменты будуць вылічваць па факце працаўладкавання.

Таксама дагавор пазбаўляе судовых выканаўцаў ад абавязку выпісваць новы выканаўчы ліст у выпадку, калі плацельшчык аліментаў змяняе працу. Цяпер стары выканаўчы ліст будзе працягваць дзейнічаць пры пераходзе плацельшчыка ў іншую арганізацыю.

Nashaniva.com