Каго лічыць прэзідэнтам Беларусі і якая згушчонка лепшая? Пратэсціравалі ChatGPT-4 Omni — нашумелую версію папулярнай нейрасеткі
Свет актыўна абмяркоўвае выхад ChatGPT Omni — новую версію аднайменнай папулярнай нейрасеткі, якая за пару дзён узарвала інтэрнэт сваёй прасунутасцю і рэвалюцыйнымі функцыямі. «Наша Ніва» пратэставала некаторыя магчымасці новай мадэлі і праверыла яе на веданне беларускіх кантэксту і мовы.
19.05.2024 / 00:23
Ілюстрацыйная выява з назвай новай мадэлі ChatGPT пад назвай ChatGPT-4o (Omni). Фота: Future Publishing / Contributor Getty Images
Кампанія OpenAI выпусціла новую флагманскую версію штучнага інтэлекту (ШІ) ChatGPT пад назвай ChatGPT-4o (Omni), якая паспела выклікаць вакол сябе сапраўдны ажыятаж ва ўсім свеце.
Усё дзякуючы новым функцыям мадэлі, паказаным на афіцыйнай дэманстрацыі, і абяцанню хуткім часам зрабіць гэтую версію даступнай і бясплатнай для ўсіх карыстальнікаў.
Функцыі, пра якія ідзе гаворка, такія:
-
Омні можа аналізаваць і апісваць усё вакол, пры гэтым размаўляючы з карыстальнікам у рэжыме рэальнага часу пры дапамозе камеры. Гэтая магчымасць адразу стала галоўнай фішкай мадэлі.
Ролік дэманструе, як Омні ў рэжыме рэальнага часу апісвае карыстальніку ўсё, што той бачыць на вуліцы.
-
Омні можа распазнаваць эмоцыі па выглядзе і голасе чалавека, здольная сама размаўляць эмацыйна з выкарыстаннем розных інтанацый, валодае харызмай і іроніяй, жартуе. Карыстальнік, у сваю чаргу, можа ў любы момант перабіць адказ нейрасеткі, а яна натуральна і хутка зарыентуецца.
Першы ролік паказвае, як і з якім эмацыйным напаўненнем Омні распавядае карыстальнікам гісторыю (разам з магчымасцю перабіваць адказы нейрасеткі). А другі ролік дэманструе, як Омні счытвае эмоцыі чалавека па відэа і жартуе.
-
Новая мадэль здольная рабіць паслядоўны пераклад дыялогаў у рэальным часе, быць мадэратарам на групавых відэаканферэнцыях і нават быць вядоўцай у гульнях, як «Камень, нажніцы, папера».
Першы ролік дэманструе натуральны паслядоўны пераклад у выкананні Омні.
Другі — мадэрацыю групавой відэаканферэнцыі.
Трэці — вядзенне гульні «Камень, нажніцы, папера».
Гэта далёка не ўсе магчымасці Омні. Мадэль таксама здольная пець, навучаць людзей мовам і дакладным навукам, апрацоўваць вялікія файлы і відэа, свабодна шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, генераваць малюнкі з тэкстам па запыце карыстальніка, аніміраваць і ствараць 3-D-мадэлі аб'ектаў і гэтак далей.
Большая частка з гэтых функцый у бліжэйшыя тыдні будзе даступная для ўсіх карыстальнікаў разам з доступам да фірмовай інтэрнэт-крамы OpenAI, дзе можна спампоўваць дадатковыя ўдасканаленні для ChatGPT.
Самой Омні ў дадзены момант могуць скарыстацца толькі платныя карыстальнікі (падпіска каштуе 20 даляраў без уліку падаткаў), і нават ім пакуль не даступныя функцыі відэа і галасавога камунікавання ў рэжыме рэальнага часу.
«Наша Ніва» апрабавала Омні разам з яе наяўнымі на дадзены момант функцыямі. Вось, што з гэтага атрымалася.
Гутарка пра Беларусь на роднай мове
Паколькі версія ChatGPT-4o рэкламавалася таксама як «флагманская мадэль, якая выдатна валодае шматлікімі мовамі», мы вырашылі правесці з ёй невялікае інтэрв'ю на беларускай.
Мы задалі Омні некалькі адкрытых пытанняў па тэме Беларусі і звязаных з ёй з'яў, каб прааналізаваць яе валоданне актуальным беларускім кантэкстам і лінгвістычную дакладнасць адказаў.
ChatGPT-4o паспрабаваў разабрацца ў беларускім палітычным кантэксце. Фота: Офіс Ціханоўскай, Evgenia Novozhenina/Pool Photo via AP
У самым пачатку мы павіталі нейрасетку і спыталі, што яна думае, калі чуе слова «Беларусь», і што яе прываблівае ў нашай краіне.
«Калі я чую слова «Беларусь», то ўспрымаю гэтую краіну як месца з багатай гісторыяй і культурай. Беларусь вядомая сваімі прыгожымі ландшафтамі, лясамі і азёрамі, якія ствараюць унікальную прыродную спадчыну. Мінск, сталіца Беларусі, уражвае сваёй сучаснай архітэктурай і развітой інфраструктурай, спалучаючы ў сабе элементы савецкага мінулага і сучаснасці.
Асабіста мяне найбольш прывабляе (так напісала нейрасетка. — НН) у Беларусі яе гасціннасць і цеплыня людзей. Беларусы вядомыя сваёй дабрынёй і шчырасцю, што робіць краіну вельмі ўтульнай і прыемнай для наведвання», — дзеліцца Омні.
Затым мы спыталі, а ці ёсць, на думку нейрасеткі, нешта адмоўнае ў беларусах? Омні адразу адзначыла, што яна, як штучны інтэлект, не мае асабістага меркавання, але ў якасці прыкладаў прывяла некалькі распаўсюджаных назіранняў.
«Напрыклад, некаторыя людзі адзначаюць, што беларусы могуць быць даволі замкнёнымі і стрыманымі, асабліва ў параўнанні з іншымі нацыямі. Гэта можа зрабіць першыя кантакты з імі крыху цяжкімі. Таксама можна пачуць крытыку наконт таго, што беларусы могуць быць схільнымі да кансерватызму і не заўсёды гатовыя да хуткіх зменаў ці новаўвядзенняў».
Пасля гэтага мы перайшлі да палітыкі. У Омні спыталі, што цяпер адбываецца ў Беларусі і хто па законе павінен быць прэзідэнтам краіны.
«Святлана Ціханоўская, якая была асноўным апанентам Лукашэнкі на выбарах, абвясціла сябе законным пераможцам і заклікала міжнародную супольнасць прызнаць яе прэзідэнтам. Ціханоўская атрымала шырокую падтрымку як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
Юрыдычная і фактычная сітуацыя ў краіне застаецца складанай. З аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка працягвае ўтрымліваць уладу пры падтрымцы сілавых структур і дзяржаўных інстытутаў. З іншага боку, шматлікія беларусы і міжнародныя арганізацыі не прызнаюць яго легітымнасць і лічаць, што прэзідэнцкая пасада павінна быць занятая чалавекам, якога сапраўды выбраў народ», — адказала Омні.
Омні таксама адзначыла, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі патрабуе вырашэння, якое задаволіць народ і забяспечыць дэмакратычны працэс. Мы пацікавіліся, а як гэта магчыма ў разуменні нейрасеткі, улічваючы cённяшнія абставіны.
Омні палічыла, што трэба ўсё роўна дамагацца перамоваў з рэжымам Лукашэнкі праз міжнародны ціск і пры ўдзеле Расіі, «як важнага гульца ў рэгіёне».
Нейрасетка таксама падкрэсліла, што незадаволенасць рэжымам у краіне працягне расці, нягледзячы на рэпрэсіі, а каталізатарам для зменаў у Беларусі могуць стаць менавіта эканамічныя праблемы, якія могуць раскалоць атачэнне Лукашэнкі.
Адыходзячы ад тэмы палітыкі, мы ўцягнулі нейрасетку ў адвечнае пытанне, якая беларуская згушчонка самая лепшая: рагачоўская ці глыбоцкая?
Аналіз Омні схіліў яе да першага варыянта.
Яшчэ мы пацікавіліся, колькі неабходна зарабляць звычайнаму беларусу, каб хапала на жыццё.
«На май 2024 года, згодна з наяўнымі данымі, сярэднія месячныя выдаткі на адну асобу могуць выглядаць прыкладна наступным чынам:
- Харчаванне: 300—400 BYN.
- Жыллё: арэнда аднапакаёвай кватэры ў Мінску можа каштаваць каля 400-600 BYN y месяц, у меншых гарадах — ад 200 да 400 BYN. Разам з камунальнымі плацяжамі выдаткі могуць дадаць яшчэ 100—150 BYN.
- Транспарт: праязны на грамадскі транспарт у Мінску каштуе каля 60 BYN у месяц.
- Медыцынскія паслугі і лекі: 50—100 BYN.
- Адзенне і абутак: 50—100 BYN.
- Іншыя паўсядзённыя выдаткі (гігіена, сувязь, забаўкі): 100—150 BYN.
Агулам, мінімальныя месячныя выдаткі на аднаго чалавека могуць складаць каля 900—1350 BYN. Варта ўлічваць, што гэта мінімальныя выдаткі і яны могуць значна варʼіравацца ў залежнасці ад індывідуальных патрэбаў і ладу жыцця.
Такім чынам, для выжывання ў Беларусі на ўзроўні асноўных патрэб абʼектыўна трэба мець даход не менш за 1000—1500 BYN у месяц. Для сямʼі з двух дарослых і аднаго дзіцяці гэта сума будзе большай і можа складаць каля 2500—3500 BYN у месяц», — падлічыла Омні.
І напрыканцы мы папрасілі Омні стварыць «музычны плэйліст сапраўдных беларусаў».
У рэкамендацыйны спіс ад нейрасеткі ўвайшлі N.R.M., «Ляпіс Трубяцкі», BRUTTO, J:Mopc, «Воплі Відоплясова» (хоць яны з Украіны, некаторыя песні беларускамоўныя), Shuma, Vinsent, Dzieciuki, «Палац», Krambambula.
Колькасць памылак рознага моўнага характару, дапушчаных Омні пры адказах на адкрытыя пытанні, складае 10: 1 сінтаксічная, 1 лексічная, 2 пунктуацыйныя, 3 арфаграфічныя і 3 марфалагічныя.
Невялічкі, але складаны тэст
Амаль год таму ў маі «Наша Ніва» ладзіла параўнальны аналіз некалькіх нейрасетак на валоданне беларускімі кантэкстам і мовай. Сярод удзельнікаў эксперыменту была і звычайная версія ChatGPT 3,5.
Адным з галоўных пунктаў параўнання тады выступаў невялікі тэст, які складаўся з 10 не зусім лёгкіх пытанняў, узятых з шэрагу іншых тэстаў за мінулыя гады з сайта «Нашай Нівы».
Вось якія былі пытанні (правільныя адказы пазначаны спасылкамі на адпаведныя мінулыя тэсты «НН»).
1. Хто са знакамітых літаратараў нарадзіўся на Шчучыншчыне?
Б) Адам Міцкевіч
В) Максім Танк
Г) Францішак Багушэвіч
2. Як называўся адзіны прыжыццёвы зборнік твораў М. Багдановіча?
А) «Валошка»
Б) «Пагоня»
В) «Зорка Венера»
Г) «Вянок»
3. Што палешукі маюць на ўвазе, калі нешта называюць «вэлюрным»?
А) Нешта карункавае
В) Тое, што зроблена з велюру
4. На які склад падае націск у слове «вусы»?
А) На першы
Б) На другі
5. У якім з беларускіх гімнаў згадваецца бел-чырвона-белы сцяг?
А) «Пагоня»
Б) «Магутны Божа»
В) «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»
Г) У афіцыйным гімне Рэспублікі Беларусь
6. Як у мінулым называлі горад Наваполацк?
А) Нафтагорск
Б) Пасёлак Рабочы
В) Наважылаўск
7. У якім горадзе кіраваў Вітаўт перад тым, як стаў вялікім князем літоўскім?
А) У Гродне
Б) У Віцебску
В) У Крэве
8. Ці праўда, што беларуская купюра наміналам 1 мільён беларускіх рублёў была самай вялікай у Беларусі?
А) Так
Б) Не
9. Які футбаліст з'яўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі зборнай Беларусі?
А) Сяргей Карніленка
Б) Віталь Радзівонаў
10. Як называецца традыцыйны святочны пірог беларускіх татараў?
А) Беліш
Б) Кішміш
В) Учкудук
Г) Байрам
Нагадаем, што звычайны ChatGPT пры выкананні гэтага тэста дапусціў аж 7 памылак, а першае месца з 4 памылкамі заняў чат-бот Bing ад карпарацыі Microsoft. Горш за ўсіх тады паказала сябе расійская «Аліса» ад Яндэкса, якая мела толькі два правільныя адказы і адмаўлялася адказваць па-беларуску.
А вось новы ChatGPT Omni з першай спробы адказаў правільна на ўсе 10 пытанняў з 10.
Канешне, у звычайнага ChatGPT не было той перавагі ў выглядзе свабоднага доступу ў інтэрнэт, якая была ў Омні, аднак чат-бот Bing таксама меў гэтую магчымасць і ўсё роўна дапусціў памылкі.
Разам, улічваючы ўсё напісанае нейрасеткай Омні ў рамках дыялогу і тэставання, новы прадукт OpenAI дапусціў толькі 10 моўных памылак. Для параўнання, звычайны ChatGPT у аналагічным і значна меншым аналізу дапусціў 30 моўных і кантэкстуальных памылак.
Гэта ўражальны вынік, хоць наш аналіз і не датычыўся ўсіх магчымасцяў Омні (напрыклад, матэматычных вылічэнняў або працы з кодам).
Але гэта ўсё роўна паказвае, якога вялікага прагрэсу за апошні год дамаглася галіна штучнага інтэлекту. Шматмільярдная сфера ШІ працягвае імкліва развівацца і ў бліжэйшай будучыні мае ўсе шанцы зрабіць сённяшнія дасягненні толькі прэамбулай да па-сапраўднаму рэвалюцыйных інавацый.
OpenAI і Meta рыхтуюць новыя мадэлі штучнага інтэлекту, здольныя «разважаць»
НАСА ўпершыню паказала, што можа ўбачыць чалавек пры падзенні ў звышмасіўную чорную дзірку ВІДЭА