Чаму ў беларускіх лясах стала так шмат кляшчоў? Асноўныя прычыны дзве
Многія з рыбакоў, грыбнікоў і іншых аматараў адпачынку на прыродзе адзначаюць небывалую актыўнасць энцэфалітнага кляшча. Калі ў былыя гады падчас прагулкі па лесе або вылазкі на лясны вадаём можна было сутыкнуцца з парай-тройкай кляшчоў або аленевых крывасосак, то цяпер тых, хто адпачывае на прыродзе, атакуюць дзясяткі, а то і сотні паразітаў. У чым асноўныя прычыны гэтага, піша fishingby.com.
15.05.2024 / 22:41
Фота ілюстрацыйнае
Папуляцыя ляснога кляшча і мух-крывасосак павялічылася ў разы, небяспечныя насякомыя ў вялікай колькасці адзначаныя нават у тых рэгіёнах Беларусі, дзе раней практычна не сустракаліся.
На думку спецыялістаў-паразітолагаў, галоўнымі трыгерамі росту колькасці лясных кляшчоў (Ixodes Dermacentor і Ixodes ricinus) сталі некаторыя з новых экалагічных стандартаў і правілаў.
У асноўным спецыялісты адзначаюць дзве прычыны:
- забарона на выкарыстанне інсектыцыду дыхлордыфенілтрыхлорметылметану (ДДТ, дуст) у сельскай і лясной гаспадарках.
- паўсюдная забарона на пал травы, што раней шырока практыкавалася ў сельскай мясцовасці.
У некаторай ступені на рост колькасці паразітаў таксама паўплывалі кліматычныя змены.
Але ўсё ж такі асноўныя прычыны — гэтыя дзве, і абедзве яны на гэты момант не маюць вырашэння, бо «дусціць» лясы і выпальваць прылеглыя да іх палі ніхто ў мэтах барацьбы з кляшчом не стане. Бо ДДТ здольны назапашвацца ў раслінах і таксічны для чалавека, а спаленне травы прыводзіць да пажараў і масавага знішчэння гнёздаў птушак.
Паразіты нападаюць не толькі на людзей, але і на хатніх жывёл. Дачнікі ўсё часцей звяртаюцца да ветэрынараў з катамі і сабакамі, літаральна аблепленымі так званым «сабачым» кляшчом.
Разам з ростам папуляцыі небяспечных паразітаў у Беларусі сталі часцей адзначацца выпадкі заражэння энцэфалітам, таму спецыялісты цэнтраў паразіталогіі рэкамендуюць больш уважліва ставіцца да выбару адзення на час наведвання лясоў, балот і вадаёмаў, а па прыбыцці дадому абавязкова рабіць агляд цела на прадмет прысмактаных кляшчоў.
Стала вядома, якую групу крыві найбольш любяць кляшчы
Два чалавекі аказаліся ў рэанімацыі ў Гродне з-за ўкусаў кляшчоў
Сезон кляшчоў ужо ідзе поўным ходам, пацярпелых сотні