На Кубе бяздомныя кошкі забілі 145 кракадзільчыкаў

Прычым гэта надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

17.05.2024 / 14:09

Wikimedia Commons

З кастрычніка па лістапад 2022 года на Кубе на кракадзілавай ферме драпежнікі забілі 145 чатырохмесячных дзіцянят кубінскага кракадзіла — гэта надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Напад здзейснілі бяздомныя кошкі, піша РБК са спасылкай на Live Science.

Эксперты пералічылі доказы таго, што атакі здзейснілі кошкі. Паблізу з месцам злачынства былі знойдзеныя футра і падазроныя адзнакі. Камеры сачэння зафіксавалі як мінімум адну кошку, якая зайшла ў вальер да кракадзілаў. Таксама супрацоўнікі фермы бачылі, як кошкі елі нешта побач з фермай.

Пасля там былі знойдзеныя фрагменты цел кракадзілаў. Атакі спыніліся пасля таго, як на ферме злавілі і павезлі ў іншае месца сем бадзяжных кошак. Доказаў, што ў вальерах былі і іншыя драпежнікі, даследчыкі не знайшлі.

Кубінскія кракадзілы жывуць толькі ў балотах Сапата і Ланьер. У дзікай прыродзе іх засталося каля 3 тысяч. У надзеі павялічыць папуляцыю штогод на ферме Zapata Swamp Crocodile Breeding Farm выпускаюць на волю каля 500 асобін.

Фота: Etiam Pérez-Fleitas / Gustavo Sosa Rodríguez / Zapata Swamp Crocodile Breeding Farm

Кубінскія кракадзілы маюць касцяныя грабяні за вачыма. Яны вельмі цікаўныя і агрэсіўныя. Могуць высока выскокваць з вады.

Джордж Амата з Інстытута параўнальнай геномікі Амерыканскага музея натуральнай гісторыі (ён не ўдзельнічаў у даследаванні аб нападах на кракадзілят, але адказаў на пытанні Live Science) звярнуў увагу на тое, што напады адбываліся ў штучным асяроддзі. У дзікай прыродзе нельга сустрэць велізарную колькасць дзіцянят кракадзілаў, закрытых у невялікім памяшканні.

І ўсё ж, на яго думку, даследаванне паказвае: вулічныя кошкі могуць аказваць большы ўплыў на папуляцыі дзікіх жывёл, чым лічыцца.

Nashaniva.com