«Слядак казаў, што ў яго спіс з 200 чалавек». Як сілавікі прыходзяць з ператрусамі ў кватэры беларусаў, якія жывуць за мяжой
З сакавіка 2024 года Следчы камітэт вядзе справу супраць удзельнікаў беларускіх дыяспар па ўсім свеце. У траўні ведамства дало справаздачу пра ход расследавання: у справе 104 новых падазраваных, якія «ўдзельнічалі ў Дні Волі» за мяжой. 16-17 траўня ў краіне прайшла хваля ператрусаў, у тым ліку з арыштам маёмасці — мяркуючы з усяго, яны звязаныя з новай крымінальнай справай. «Медыязона» паразмаўляла з эмігрантамі, якія даведаліся пра ператрусы ў сваіх беларускіх кватэрах. Імёны некаторых герояў змененыя па іх просьбе.
18.05.2024 / 18:21
Малюнак ілюстрацыйны
Ператрусы ў арганізатараў Дня Волі ў Варшаве
Раніцай 16 траўня сілавікі прыйшлі па месцы рэгістрацыі беларусаў, якія жывуць за мяжой. «Медыязоне» вядома пра ператрусы ў Мінску, Магілёве, Гродне.
Да актывіста Ігара, які цяпер жыве ў Варшаве і быў арганізатарам Дня Волі ў 2024 годзе, з ператрусам у беларускую кватэру прыйшлі а 6-й раніцы 16 траўня. На ператрус прывезлі былую жонку актывіста.
Следчае дзеянне правялі ў межах крымінальнай справы супраць Ігара, але нумар артыкула і дэталі справы супрацоўнікі не паведамілі. Яны збіраліся накласці арышт на кватэру, але калі даведаліся, што яна больш не належыць Ігару, з'ехалі.
З арганізацыяй Дня Волі ў Варшаве Ігару дапамагала актывістка з Гродна Юлія. У яе кватэры 16 траўня таксама прайшоў ператрус.
«У мяне няма маёмасці ў Беларусі. Быў інтэрнат ад арганізацыі, у якой я працавала больш за 10 год. Мне яго далі ў пажыццёвую арэнду і вось у 2021-м забралі. А цяпер прыйшлі па маёмасць, якая належыць маім братам і цётухнам. Мне там нічога не належыць. Застаўся дом пасля матулі: яна памерла ў траўні 2020 года, а я з’ехала і не ўступіла ў права ўласнасці. Ёсць яшчэ адзін дом, абодва стаялі зачыненыя. І вось прыйшлі [сілавікі], але не ведаю дакладна, у які з гэтых дамоў, бо не падтрымліваю сувязі са сваякамі».
Па словах Юліі, яна даведалася пра крымінальную справу супраць сябе са слоў знаёмых яшчэ на этапе падрыхтоўкі да Дня Волі. Нумары артыкула і падрабязнасцяў справы актывістка не ведае.
Яна не ўпэўненая, што крымінальную справу завялі менавіта за Дзень Волі. Яна мяркуе, што яна можа быць звязаная з яе вылучэннем у Каардынацыйную раду ад спісу «Еўрапейскі выбар», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем».
«Сказалі, што на маёмасць накладзены арышт»
Мінчанка Ірына хадзіла сёлета на Дзень Волі за мяжой і мела зносіны з арганізатарамі. 16 траўня ў яе мінскай кватэры таксама прайшоў ператрус.
«Яны знайшлі брата і прыйшлі да яго — у яго быў ключ ад маёй кватэры. Ён ім ключ аддаў і яны паехалі да мяне без яго. Што там рабілі — не ведаю. А паколькі ва ўласнасці ў мяне яшчэ кватэра бацькоў напалам з братам, то, мабыць, знайшлі яго таму. І тады паказалі яму нейкую паперку, у якой было сказана, што гэта ў рамках крымінальнай справы. Калі вярнулі яму ключы ад маёй кватэры — сказалі, што на маёмасць накладзены арышт».
Якая менавіта маёмасць арыштаваная, невядома.
У 2021 годзе ў Ірыны ўжо праводзілі ператрус. Тады супрацоўнікі КДБ забралі яе з працы, прывезлі дадому і паведамілі, што следчае дзеянне звязана з крымінальнай справай аб тэрарызме. Ірыну не затрымалі, таму яна змагла хутка выехаць з Беларусі.
Вольга з мужам жывуць у Варшаве і сёлета хадзілі на мітынг да Дня Волі. У іх кватэры ў Беларусі таксама прайшоў ператрус.
«Прыйшлі з панятымі на ператрус, натуральна, мы даўно за мяжой, таму нас там не было, сказалі, [што] крымінальная справа. Сказалі, што калі б кватэра была мужава, то арыштавалі б, а так яна мая».
Па словах знаёмых Вольгі, ператрус праводзілі ў рамках справы аб здрадзе дзяржаве, заведзенай супраць яе мужа. Але ці так гэта насамрэч, невядома. Дзяўчына расказвае, што ў Беларусі і Польшчы яны з мужам хадзілі толькі на мітынгі і нацыянальныя святы. «Мы звычайныя людзі», — кажа яна.
«Я не ведаю, ці ёсць я сярод гэтых 104 падазраваных. Але на мінулым тыдні прыйшла папера аб абмежаванні правоў на кватэру. А 16 траўня быў ператрус», — расказала «Медыязоне» ўдзельніца ўроцлаўскай дыяспары Таццяна. — Артыкул — стварэнне экстрэмісцкага фармавання».
Дзяўчына не знаходзіцца ні ў якой ініцыятыве, якая была б прызнаная КДБ «экстрэмісцкім фармаваннем». Але яна ўдзельнічала ў святкаванні Дня Волі: несла вялікі бчб-сцяг.
«У мяне, — казаў слядак, — спіс з 200 чалавек»
Акрамя таго, 17 траўня з ператрусам прыходзілі да студэнцкага актывіста Уладзіслава, журналіста з Віцебска Дзмітрыя Казакевіча і намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага.
«Тры дні таму патэлефанавалі маёй бабулі, яна засталася адна ў Мінску ў кватэры, і сказалі: «Гэта з КДБ, калі мы можам прыйсці, каб мы вам не ламалі дзверы? З ператрусам у дачыненні да вашага ўнука. Супрацьпраўныя дзеянні рабіў». Маё імя назвалі. Яна дамовілася з імі на пятніцу», — расказвае Уладзіслаў.
Беларус удзельнічаў у святкаванні Дня Волі ў Варшаве, але сумняецца, што крымінальная справа звязаная з гэтым.
«Кватэру не абшуквалі. Пяцёра сядзелі ў зале, адзін на кухні з ёй. Расклалі кучу паперак. Сказалі, што вось мы тут зараз з вамі скончым і яшчэ там па кватэрах паедзем. «У мяне, — казаў следак, — спіс з 200 чалавек».
Бабулі Уладзіслава сказалі, што ўнука падазраюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» і будуць судзіць завочна.
У кватэры Дзмітрыя Казакевіча выламалі дзверы і пасля ператрусу апячаталі памяшканне. Журналіст не ведае, з чым звязаны візіт сілавікоў — са справай на Дзень Волі ці чымсьці іншым. У 2020-2021 гадах яго некалькі разоў затрымлівалі і праводзілі ператрусы ў кватэры.
Да Гарэцкага з ператрусам прыходзілі па месцы прапіскі. З якой крымінальнай справай ён звязаны, невядома.
«Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я не ведаю, ці нешта было забрана з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады», — расказаў Гарэцкі.
Чаму рэжым пачаў актыўна рэпрэсаваць беларусаў за мяжой?
СК пагражае забраць кватэры ў 104 удзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой