Прэзідэнт Грузіі заклікала Макрона прыехаць у Тбілісі на фоне пратэстаў

Саламэ Зурабішвілі таксама заявіла пра сваё імкненне «пазбавіць Каўказ ад савецкага прыгнёту» і ўплыву РФ.

19.05.2024 / 14:29

Саламэ Зурабішвілі, Фота: Irakli Gedenidze/Pool Photo via AP

Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі заклікала французскага калегу Эманюэля Макрона здзейсніць візіт у Тбілісі да пачатку выбарчай кампаніі перад парламенцкімі выбарамі, якія пройдуць у краіне гэтай восенню, піша ТАСС.

«Няхай яны прыедуць сюды!» — сказала Зурабішвілі ў інтэрв'ю газеце La Tribune de Dimanche, адказваючы на пытанне журналіста пра тое, чаго яна чакае ад еўрапейскіх лідараў на фоне абмеркавання ў парламенце закона аб замежных агентах і пратэстаў супраць яго прыняцця.

«Эманюэль Макрон абяцаў мне практычна з моманту майго абрання ў 2018 годзе, што ён прыедзе. Ён павінен зрабіць гэта да пачатку выбарчай кампаніі ў верасні. Я напісала прэзідэнту Макрону і чакаю яго ў Дзень незалежнасці Грузіі, 26 мая, — дадала яна.

Сама Зурабішвілі ў верасні 2023 года ў рамках еўрапейскага турнэ здзейсніла ў тым ліку і візіт у Парыж, дзе сустракалася з Макронам. Пазней стала вядома, што ўрад Грузіі не даваў ёй на гэта згоды, з-за чаго кіруючая партыя «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» абвінаваціла прэзідэнта ў парушэнні Канстытуцыі і запусціла працэдуру імпічменту, які не ўдалося ажыццявіць з-за недастатковай колькасці мандатаў у парламенце ў кіруючай партыі для адхілення прэзідэнта.

Прэзідэнт выказала меркаванне, што «ніхто не хоча канфрантацыі з Расіяй», адначасова заявіўшы аб сваім імкненні» пазбавіць Каўказ ад cавецкага прыгнёту і ўплыву РФ.

«Гэта вельмі важна для будучыні Еўропы, уключаючы яе бяспеку. Гэта Чорнае мора, транзітная зона для энергіі і камунікацый. Тое, што Францыя тут не прысутнічае, з'яўляецца адхіленнем», — сцвярджала яна.

Прэзідэнтка Грузіі наклала вета на закон аб «замежных агентах»

Парламент Грузіі канчаткова зацвердзіў закон аб «замежных агентах». Дэпутаты паспелі пабіцца

Прэзідэнт Зурабішвілі: Заўсёды было адчуванне, што Расія — вораг Грузіі

Nashaniva.com