Арына Сабаленка перастала хаваць, з кім сустракаецца
Беларуская тэнісістка паказала ў сацсетках новага каханага — бізнэсмена і аўтагоншчыка Георгіаса Франгуліса. Мяркуючы па сторыс, дзяўчына больш не хавае сваю сувязь з жанатым бразільцам, пра якую раней пісалі СМІ.
20.05.2024 / 00:45
Фота: AP Photo / Asanka Brendon Ratnayake
18 мая Арына Сабаленка грала з полькай Ігай Свёнтак у фінале турніра WTA-1000 у Рыме. Мацнейшай аказалася Свёнтак — 6:2, 6:3.
Пасля прайгранага матчу Арына адправілася на вячэру разам з членамі сваёй каманды і блізкімі. У сторыс яна апублікавала фота з рэстарана, дзе Арыну трымае за руку Георгіас Франгуліс, бізнэсмен з Бразіліі.
Праз некалькі гадзін Арына зноў апублікавала сторыс з Франгулісам, дзе адзначыла яго і дадала смайлік — сэрцайка з пальцаў. На кадрах бачна, што мужчына абдымае спартоўку.
Гэта ўжо не першы раз, калі адносіны паміж Арынай і Франгулісам трапляюць у кадр, але раней Сабаленка не дэманстравала іх адкрыта.
Франгулісу 34 гады, ён саўладальнік кампаніі Oakberry, якая вырабляе здаровую ежу. З пачатку года Сабаленка — рэкламны твар Oakberry, і верагодна, што праз гэта яна і пазнаёмілася з Георгіасам. Раней бразільца бачылі разам з беларускай на турнірах у Штутгарце і Мадрыдзе, на адным з турніраў падобны да Франгуліса мужчына цалаваў Арыну ў вусны.
Пры гэтым Георгіас — несвабодны мужчына, яго жонку завуць Бех Арментана. У сацсетцы Х (твітар) з'явіўся скрыншот перапіскі з Арментана, дзе тая кажа, што інтрыжка яе мужа з тэнісісткай пачалася яшчэ ў Каліфорніі і што яна плануе падаваць на развод.
Калі яе планы спраўдзяцца, гэта будзе ўжо другі выпадак, калі з-за Сабаленкі руйнуецца шлюб. Мінулыя некалькі гадоў Арына мела стасункі з былым хакеістам Канстанцінам Кальцовым, які дзеля яе кінуў жонку з трыма дзецьмі. У сакавіку Кальцоў трагічна загінуў у Маямі, і тады высветлілася, што на момант смерці ён ужо не быў разам з Арынай.
Пацалунак Сабаленкі і бізнэсоўца з Бразіліі трапіў у трансляцыю. Яго жонка можа падаць на развод
Жанаты мужчына быў з Сабаленкай у Штутгарце, і яму можна ёй класці руку ніжэй за талію