«Вы яшчэ ўбачыце, як лідараў дэмакратычнай апазіцыі Карпянкова і Азаронка будуць слухаць, раскрыўшы рты»
Журналіст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргей Навумчык паразважаў пра люстрацыю і кароткую памяць грамадства.
19.05.2024 / 18:16
Намеснік міністра ўнутраных спраў і камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў. Фота: унутраныя войскі МУС
«Калі я чую прапановы пачаць адлік люстрацыі з 9 жніўня 2020 года — я разумею, што ў Беларусі не тое што люстрацыі не будзе, але і за тэрор пачынаючы з 2020 года ніхто ніякай адказнасці не панясе. Бо кожны, хто цяпер служыць Лукашэнку, хто выкарыстоўвае рэжым для сваіх дабротаў, пасля свайго пераходу ў апазіцыю, асудзіць дзейнасць ранейшых праціўнікаў рэжыму. Альбо назаве яе «пазнякоўшчынай». І гэта будзе нармальна ўспрынята, — піша Навумчык. —
Тэма, канешне, шырэйшая, чым люстрацыя. Толькі адзінкі не лічаць, што гісторыя супраціву пачалася з моманту іх далучэння да супраціву. А мэта — найцяплейшае месца пад сонцам.
Вы яшчэ ўбачыце, як лідары дэмакратычнай апазіцыі Карпянкоў і Азаронак будуць даваць негатыўныя ацэнкі цяперашнім палітвязням — і слухаць іх будуць, раскрыўшы рты.
Не верыце? Я б таксама не паверыў, палічыў бы абсурдам, калі б 12 красавіка 1995 мне сказалі, што праз нейкі час той, хто ўхваліў збіцьцё дэпутатаў і адмываў Лукашэнку, будзе ў «лідарах дэмакратычнай апазіцыі», а тыя, хто абараняў дэмакратыю і Незалежнасць, акажуцца ва ўсім вінаватымі.
Беларусь — сапраўды краіна неверагодная. Літаральна ва ўсім. Адчуванне, што Гасподзь абраў нас для нейкага адмысловага эксперыменту, вось толькі сэнс яго адгадаць пакуль не ўдаецца. Хіба што — каб паказаць іншым народам, як не трэба жыць».
Пасля аварыі на ЧАЭС кіраўнікоў БССР хацелі судзіць, а абараняў іх Лукашэнка
Навумчык адказаў Халезіну: Ні я, ні Пазняк не атрымлівалі ў эміграцыі ні цэнта сацыяльнай дапамогі