Латушка расказаў, як спрабавалі вызваліць палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да Алімпіяды

«Беларускія дэмакратычныя сілы адказныя, але інструменты не нашы».

20.05.2024 / 11:09

Павел Латушка. Скрын відэа: mne_toje_ne_nravitsya / YouTube

Удзел у Алімпіядзе ў абмен на вызваленне палітвязняў

У новым выпуску ток-шоу «Мне таксама не падабаецца» абмяркоўвалі праблему палітвязняў.

Падчас дыскусіі кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка расказаў, што дэмакратычныя сілы Беларусі спрабавалі дамагчыся вызвалення хаця б часткі палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да ўдзелу ў Алімпіядзе:

«Мы правялі перамовы ў некалькіх сталіцах. Нам усе паківалі галавой. Сказалі: «Супер ідэя! Бяромся». Пазней перапіска, потым менш перапіскі. Цяпер ніякіх адказаў. Алімпійскія гульні вось ужо пачнуцца».

«Мы хочам сказаць, што адказныя беларускія дэмакратычныя сілы. Так. Але інструменты не нашы», — заўважае Латушка.

«З іншага боку, — працягвае палітык, — калі нехта крытыкуе санкцыі, кажа: што ўвогуле мы маем? Мы можам сёння падняць пратэст у Беларусі? Не можам. Мы можам заблакаваць усю мяжу? На жаль, партнёры не могуць. У нас сапраўды толькі адзіны моцны інструмент ціску — санкцыі».

Чаму не выпускаюць Пачобута?

Латушка звярнуў таксама ўвагу на намаганні Польшчы па вызваленні палітвязня Андрэя Пачобута. Палітык лічыць, што рашэнне ў гэтым пытанні застаецца за Лукашэнкам: «Лукашэнка, калі захоча, можа гэта зрабіць. Але ён гэтага не хоча».

Падчас дыскусіі. Скрын відэа: mne_toje_ne_nravitsya / YouTube

З гэтым пагадзіўся кіраўнік аб'ядання былых сілавікоў «Байпол» Аляксандр Азараў. «Эканамічная сітуацыя яго задавальняе. Навошта Лукашэнку кагосьці вызваляць? Ён увогуле не бачыць у нас бок для перамоваў. Мы для яго ніхто. Мы не стварылі для яго ніякіх умоваў, каб ён задумаўся і паглядзеў у наш бок».

Былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям заўважыла, што сітуацыя Пачобута асаблівая:

«Гэта яго асабістая пазіцыя. Гэта вельмі моцная пазіцыя. Такіх людзей у турме, па маім досведзе, адзінкі. Большасць людзей хоча дахаты, да блізкіх, дзяцей. А не сядзець шэсць гадоў за каментар.

Анджэй — круты прыклад, але мы не можам раўняць іншых на яго. У любым выпадку рабіць захады мы абавязаны незалежна ад таго, пагодзіцца чалавек ці не. З турмы цябе не выкінуць без тваёй згоды. Таму што ім таксама патрэбны паперкі, што ты пагадзіўся».

Латушка расказаў, як забараняў рэперу Сярогу выступаць, калі быў міністрам культуры

Латушка расказаў, за што крытыкуе Ціханоўскую

«Для польскага народа ён — герой!» Родным Андрэя Пачобута ўручылі медаль 75-годдзя місіі Яна Карскага 

Чаму санкцыі не ўплываюць на паводзіны Лукашэнкі і наколькі яны наогул эфектыўныя? Меркаванні эканамістаў

Nashaniva.com