Карпянкоў стварае фонд «Маладая гвардыя»

Ён павінен аб'яднаць усе вайскова-патрыятычныя клубы, праўладных дзеячаў і бізнэсоўцаў.

20.05.2024 / 11:23

Фота: прэс-служба ўнутраных войск

Фонд аб'яднаў усе існуючыя вайскова-патрыятычныя клубы — такіх цяпер 18 (а гэта 2000 хлопчыкаў і дзяўчатак) — па ўсёй краіне.

Галоўная ідэя фонду — аказанне бясплатнай дапамогі клубам, якія займаюцца выхаваннем «юных патрыётаў», а таксама развіццё праўладнага патрыятычнага руху сярод моладзі і прыцягненне для гэтага ў тым ліку спонсарскай дапамогі.

У склад апякунскай рады фонду ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, праўладныя дзеячы, работнікі праўладных СМІ і прадпрымальнікі — усяго 13 чалавек.

Гэты склад можа папаўняцца. Фонд таксама будзе арганізоўваць і ўдзельнічаць у правядзенні дадатковых дабрачынных акцый, семінараў, конкурсаў, сустрэч, выстаў і іншых асветніцкіх і спартыўных мерапрыемстваў для выхаванцаў клубаў.

Фота: прэс-служба ўнутраных войск

Урачыстае адкрыццё прайшло ўчора ў в/ч 3214. Дзеці паказвалі, чаму навучыліся: зборцы і разборцы аўтамата, стральбе з розных відаў зброі, рукапашным баі, кіраванні беспілотнікамі і FPV-дронамі і іншаму.

«Нашыя выхаванцы паспяхова асвойваюць вайсковую навуку. Ужо ёсць першыя выпускнікі і тыя, хто паступіў у ведамасныя навучальныя ўстановы або пайшлі служыць па кантракце», — распавёў Карпянкоў прэс-службе ўнутраных войскаў.

Фота: прэс-служба ўнутраных войск

Як растлумачыў Карпянкоў, фонд патрэбны для папулярызацыі і развіцця вайскова-патрыятычнага руху.

Дырэктарка фонду Ала Веруш называе галоўнай задачай фонду — «не страціць пакаленне маладых беларусаў». Яна запэўнівае, што «Маладая гвардыя» будзе дапамагаць выхаванцам клуба і іх сем'ям.

Фонд зарэгістравалі 3 мая па адрасе Нацыянальнай бібліятэкі.

Nashaniva.com