Сын іранскага шаха: Спачуванні з нагоды смерці Раісі — гэта абраза памяці яго ахвяр

У 1988 годзе Раісі быў адным з чатырох суддзяў, якія засядалі ў так званых «камісіях смерці».

21.05.2024 / 07:21

Ібрахім Раісі, прэзідэнт Ірана. Фота: Iranian Presidency Office via AP

Рэза Пехлеві, сын зрынутага шаха Ірана Махамеда Рэзы Пехлеві, заявіў, што Ібрахім Раісі быў масавым забойцам, і таму спачуваць з нагоды яго смерці зусім недарэчна, піша Бі-бі-сі.

«Іранцы сёння не смуткуюць. Ібрахім Раісі быў жорсткім масавым забойцам, нявартым спачуванняў», — напісаў былы прынц Ірана ў сваім інстаграме.

«Спачуванне яму — гэта абраза памяці яго ахвяр, абраза народа Ірана, які калі і шкадуе, то толькі пра тое, што ён не дажыў да падзення Ісламскай Рэспублікі і суда над ім за яго злачынствы», — працягнуў Рэза Пехлеві.

У 1988 годзе Раісі быў адным з чатырох суддзяў, якія засядалі ў так званых «камісіях смерці». Гэтыя камісіі вырашалі лёсы тысяч зняволеных апазіцыянераў, пакараных у іранскіх турмах па заканчэнні тэрміну зняволення.

Затым ён быў намеснікам пракурора Тэгерана, потым — намеснікам кіраўніка судовай улады Ірана, і на гэтых і іншых пасадах таксама быў датычны да рэпрэсій.

Рэза Пехлеві ўпэўнены, што смерць Раісі не зменіць палітыку Тэгерана.

«Гэты рэжым працягне рэпрэсіі ўнутры краіны і агрэсію за яе межамі», — лічыць сын нябожчыка шаха.

Бацька Рэзы Пехлеві, Шах Махамед Рэза Пехлеві быў скінуты 45 гадоў таму і памёр у выгнанні на наступны год. Ён вёў празаходнюю палітыку, але кіраваў аўтарытарнымі метадамі, душачы апазіцыю.

У той жа час ганенні на апазіцыю пры ім былі непараўнальныя з тымі рэпрэсіямі, што разгарнуў тэакратычны ісламскі рэжым, які прыйшоў пасля яго.

Знойдзены верталёт з прэзідэнтам Ірана на борце. На месцы катастрофы жывых няма

У Іране абвясцілі пяцідзённую жалобу

Іранскі пасол назваў імаверную прычыну крушэння верталёта прэзідэнта Раісі

Верталёт прэзідэнта Ірана ўрэзаўся ў гару?

Перадаў «Шахеды» Расіі і кіраваў бізнэс-імперыяй аяталы. Хто такі Махамад Махбер — часовы прэзідэнт Ірана

Nashaniva.com