Жыхарка Гомеля пяць гадоў здымала і прадавала порна з уласнымі дзецьмі. Ёй пагражае вялікі тэрмін

Зарабіла 47 тысяч рублёў.

21.05.2024 / 14:52

36-гадовая жанчына на працягу пяці гадоў прымушала малалетніх сына і дачку ўдзельнічаць у парнаграфічных фотасесіях. Дэталямі крымінальнага злачынства падзяліўся начальнік першага следчага аддзялення Гомельскага гарадскога аддзела СК Віктар Сецкі, піша newsgomel.by.

Жанчына з 2018 па 2023 год знаёмілася анлайн з мужчынамі — як беларусамі, так і замежнікамі. За грошы яна дасылала ім свае фота і відэа парнаграфічнага зместу. Пазней даведалася, што за такія ж сцэны, але з дзецьмі гатовыя плаціць утрая даражэй, і пачала прыцягваць да здымак сына і дачку.

За пяць гадоў жанчына паспела адправіць порнаматэрыялы больш чым 300 чалавекам. Акрамя гэтага, яна праводзіла прыватныя анлайн-трансляцыі. Агулам гамяльчанка зарабіла больш за 47 тысяч рублёў.

Каб прымусіць дзяцей здымацца ў порна, маці ўжывала рознага роду псіхалагічныя маніпуляцыі: запалохвала, пагражала пазбавіць тэлефонаў, грошай і прагулак. Магла не размаўляць з сынам і дачкой па некалькі дзён. Бацька дзяцей, як сцвярджаецца, пра гэта ўсё не ведаў.

Цяпер жанчына знаходзіцца пад вартай. Ёй выстаўленыя абвінавачванні па пяці артыкулах КК: ёй інкрымінуюць распусныя дзеянні ў дачыненні да асоб, якія не дасягнулі 16 гадоў, выкарыстанне малалетняга ў вырабе порна, дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да малалетняга, захоўванне і распаўсюджванне порна ў карыслівых мэтах. Па некаторых прадугледжана пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com