У Польшчы стварылі яшчэ адну камісію па расійскім і беларускім уплывах
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск абвясціў пра стварэнне камісіі па вывучэнні расійскага і беларускага ўплываў у Польшчы. Яе ўзначаліць кіраўнік контрразведкі Яраслаў Строжык, паведамляе Onet.pl.
21.05.2024 / 18:19
Дональд Туск. Фота: Henry Nicholls, Pool Photo via AP
У склад камісіі ўвойдуць 9-13 чалавек. Іх будуць намінаваць зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы, у тым ліку МУС, МЗС, Мінабароны, Мінфін, а таксама міністр-каардынатар спецслужбаў.
Камісія не будзе следчай — яе задачай стане збор інфармацыі для яе прадстаўлення ў пракуратуру для далейшага расследавання. Плануецца, што камісія ў ліку іншага будзе вывучаць магчымы расійскі і беларускі ўплыў на польскія СМІ.
Туск будзе чакаць першую справаздачу камісіі пасля чэрвеньскіх выбараў у Еўрапарламент, каб высновы не ўплывалі на выбарчую кампанію.
Прэм'ер адзначыў, што расійскія і беларускія спецслужбы апошнім часам актывізавалі дзейнасць у Польшчы і іншых краінах. Са слоў Туска, расійскі след шукаюць, напрыклад, у маштабным пажары ў Варшаве — ёсць версія, што велізарны гандлёвы цэнтр згарэў у выніку дыверсіі.
Гэта не першая камісія па вывучэнні расійскага ўплыву ў Польшчы. Падобная была створана таксама 9 мая. Пра неабходнасць вывучэння беларускага ўплыву загаварылі пасля ўцёкаў у Мінск варшаўскага суддзі Томаша Шміта, які меў доступ да дзяржаўных таямніц.
Польшча ўкладзе ва ўзмацненне абароны ўсходняй мяжы 2,5 млрд даляраў
Амаль дзве траціны палякаў падтрымліваюць умацаванне мяжы з Беларуссю
«Справа вельмі сур'ёзная». У Польшчы працягваецца справа падазраваных у дыверсіях і сабатажы
Туск: Польшча пачала інтэнсіўную працу над фартыфікацыяй мяжы з Беларуссю