У Брэсце за ўдзел у акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года асудзілі адразу 8 чалавек
Суд Маскоўскага раёна Брэста 20 траўня 2024 года вынес прысуд васьмі мясцовым жыхарам за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), піша «Вясна».
22.05.2024 / 12:05
Паводле версіі абвінавачвання, з 10 да 11 жніўня 2020 года, на той момант непаўналетнія Юлія Шаранава, Мікіта Вайцюк, Мікалай Нікіцюк, а таксама Васіль Аляксеюк, Глеб Клімовіч, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Максім Собалеў, знаходзіліся на праезнай частцы праспекта Машэрава, бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі, вул. Савецкай у Брэсце, «выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бела-чырвона-белага колеру, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў ды арганізацый».
У судовым пасяджэнні ўсе віну прызналі цалкам.
Паведамляецца, што Юлія Шаранава ўдзельнічала ў акцыях пратэсту 16-гадовай, а Мікіту Вайцюку і Мікалаю Нікіцюку было па 17 гадоў. Таксама вядома, што Максім Собалеў, Глеб Клімовіч, Юлія Шаранава асуджаныя ў тым ліку паводле «наркатычных» артыкулаў.
У выніку, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Васіль Аляксеюк і Мікалай Нікіцюк былі асуджаныя да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожны.
Мікіту Вайцюку прызначаны адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Максіму Собалеву паводле ч. 1 арт. 342 КК было прызначана два гады пазбаўлення волі. Але з нагоды таго, што ён ужо асуджаны паводле «наркатычнага» ч. 4 арт. 328 КК, шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага пакарання, прызначана 12 гадоў калоніі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у суме 3 200 рублёў.
Юлію Шаранаву за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту асудзілі на паўтара гады пазбаўлення волі. Але праз тое, што яна была асуджаная паводле ч. 4 арт. 328 КК, ёй у выніку прызначана 13 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у суме 3 700 рублёў.
Глебу Клімовічу прызначана паводле ч. 1 арт. 342 КК два гады пазбаўлення волі, і па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, яму канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Такое рашэнне вынес суддзя Яўген Брэган.
Разам з ксяндзом Акалатовічам з Валожына затрымалі двух прыхаджанаў. Адзін з іх былы вайсковец
Жыхара Рэчыцы затрымалі за каментары
Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на свабоду. Яна знайшлася ў Гомельскім СІЗА