Лукашэнка прызначыў новага начальніка Генштаба 

Лукашэнка прызначыў начальнікам Генштаба — першым намеснікам міністра абароны Паўла Муравейку. У кастрычніку Муравейка заявіў, што «Беларусь мае права прасячы калідор у Літву сілай зброі» ў адказ на ўвядзенне гэтай краінай санкцый.

23.05.2024 / 11:44

Павел Муравейка

Раней Муравейка быў намеснікам дзяржсакратара Рады бяспекі.

Павел Муравейка нарадзіўся ў Мар'інай Горцы. У 1992-м скончыў Мінскае вышэйшае вайскова-палітычнае агульнавайсковае вучылішча. Пасля паступіў у мінскую Вайсковую акадэмію, якую скончыў у 2001-м. Праз некалькі гадоў вучыўся ў Расіі — у Акадэміі Генштаба РФ. Скончыў яе ў 2008-м з залатым медалём.

Першыя ўзнагароды знайшлі Муравейку ў 2010-м, у званні палкоўніка. У гэтым годзе яму выдалі медаль «За бездакорную службу» II ступені і «За адзнаку ў воінскай службе». На гэты момант ён займаў пасаду начальніка першага ўпраўлення Галоўнага вайсковага ўпраўлення Генштаба. У 2013-м яго паставілі кіраваць Галоўным аператыўным упраўленнем і далі генеральскае званне.

У 2015-м Муравейку адзначылі медалём «За бездакорную службу» I ступені, а ў 2016-м — ордэнам «За службу Радзіме» III ступені. У 2022-м генерала перавялі на пасаду першага намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Беларусі і выдалі ордэн «За службу Радзіме» II ступені. 

Ёсць у Муравейкі і расійская ўзнагарода. У 2019 годзе расійскі пасол Міхаіл Бабіч уручыў яму ордэн Дружбы.

Палітык Павел Латушка называў Муравейку разам з генералам Аляксандрам Вальфовічам расійскім лобі ў беларускім сілавым блоку.

У генерала ёсць дачка, якая любіць падарожнічаць — найперш у Еўропу. 

У кастрычніку мінулага года Муравейка заявіў, што «Беларусь мае права прасячы калідор у Літву сілай зброі» ў адказ на ўвядзенне гэтай краінай санкцый.

18 снежня 2023 года Муравейку дадалі ў санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза, накіраваны супраць асоб, якія маюць дачыненне да ўварвання Расіі ва Украіну. Пазней да еўрапейскага пакета санкцый далучылася Швейцарыя, Албанія, Боснія і Герцагавіна, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Малдова, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Украіна.

Папярэдняга начальніка Генштаба 54-гадовага Віктара Гулевіча Лукашэнка звольніў з пасады 10 мая. Адстаўку патлумачылі ўзростам генерала.

Хто такі генерал Муравейка, які хоча прарубіць калідор да мора «сілай зброі»

Nashaniva.com