Азарава прымушаюць зняцца з выбараў у Каардынацыйную раду
Выбарчая камісія па выбарах у Каардынацыйную раду разгледзела нашумелы кейс з рассылкай Аляксандрам Азаравым паведамлення праз чат-бот плана «Перамога».
23.05.2024 / 21:45
Аляксандр Азараў
Сябры Выбарчай камісіі выслухалі апраўданні Аляксандра Азарава, які ў асноўным паўтарыў аргументы, ужо выказаныя раней.
Асноўнае, на чым ён грунтуе сваю абарону — што ягоная рассылка не стварае небяспекі ўдзельнікам плана «Перамога», бо рабілася з захаваннем усіх правіл бяспекі. Да таго ж удзельнікі плана «Перамога», падпісваючыся на яго, пагаджаліся атрымліваць паведамленні ў боце.
Матывацыя рассылкі была, маўляў, толькі такая, каб людзі прынамсі даведаліся пра выбары, бо так, на думку Азарава, пра іх мала хто ведае. Што тычыцца агітацыі ў тым паведамленні за свой уласны спіс, то Азараў прызнаў, што гэта было лішнім, і другі раз ён так не рабіў бы.
Паміж сябрамі камісіі і Азаравым разгарнулася дыскусія, у ходзе якой ніхто з камісіі не станавіўся цалкам на ягоны бок і ўсе так ці іначай прызнавалі, што парушэнне было, але разышліся ў поглядах на тое, як Азараў мусіць быць за гэта пакараны і што рабіць з гэтым спісам.
У выніку прынялі рашэнне, што ёсць толькі два вартыя варыянты выхаду з сітуацыі:
1) Азараў добраахвотна адмаўляецца ад асабістага балатавання ў Каардынацыйную раду, і тады спіс застаецца, але ўжо без яго.
2) Калі Азараў добраахвотна адысці ў бок адмаўляецца, то з удзелу ў выбарах здымуць увесь спіс.
Гучалі, праўда, і прапановы пакінуць усё як ёсць, і хай вырашаюць выбаршчыкі. Але асаблівай падтрымкі такая пазіцыя не знайшла.
У выніку, як і Турарбекавай, Аляксандру Азараву далі час на прыняцце рашэння да 9-й раніцы 24 мая. Пасля таго Выбарчая камісія прагаласуе за канчатковае рашэнне ў залежнасці ад таго, што вырашыць Азараў.
Ціханоўская: Забралі ў Азарава доступ да чат-бота «Перамога»