Блок Азарава знялі з выбараў у Каардынацыйную раду

Азараў мог зняцца сам, каб пакінуць у выбарчай гонцы астатніх членаў спісу. Але пайшоў на прынцып.

24.05.2024 / 10:48

Фота: Байпол

На паседжанні камісіі па выбарах у Каардынацыйную раду прынята рашэнне зняць з гонкі спіс «Закон і правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым.

Учора яму было прапанавана самастойна пакінуць спіс. Азараў адмовіўся, таму большасцю галасоў камісія дыскваліфікавала і Азарава, і яго паплечнікаў.

Праблема выявілася ў працэдуры — як аказалася, у выбарчай камісіі ёсць права ці адмяняць рэгістрацыю выбарчага спісу цалкам, але няма права выключаць канкрэтнага кандыдата.

З падобнай праблемай сутыкнуўся спіс «Наша справа» на чале з Розай Турарбекавай. Паколькі дзве яе паплечніцы знялі свае кандыдатуры, спіс перастаў адпавядаць патрабаванням гендарных квотаў. Таму два сябры «Нашай справы» — Віктар Саскевіч і Андрэй Жукавец — напісалі заявы аб самаадводзе. Адчапіўшы іх, спіс Розы Турарбекавай трапіць у выбарчыя бюлетэні.

Такім чынам у выбарах у Каардынацыйную раду возьмуць удзел 11 спісаў. Самі выбары пройдуць 25-27 мая на электроннай платформе.

Азараў адмовіўся здымацца з выбарчай гонкі ў Каардынацыйную раду

Азарава прымушаюць зняцца з выбараў у Каардынацыйную раду

Увечары ў кватэрах кандыдатаў у КР ад блоку Латушкі і Руху «За свабоду» прайшлі ператрусы

Nashaniva.com