Расійскі рэгіён вярбуе беларусаў на вайну праз сацсеткі — наладзілі таргетаваную рэкламу

Заклікаюць «дапамагчы суседзям у барацьбе з праціўнікам».

24.05.2024 / 14:05

Скрын «Флагшток»

У расійскай сацыяльнай сетцы «УКантакце» з'явілася таргетаваная рэклама, у якой беларусаў заклікаюць ісці ваяваць супраць Украіны, заўважыў «Флагшток».

Аб'ява распаўсюджваецца ад групы «Служба па кантракце» з беларускім дзяржаўным гербам на аватарцы. На малюнку намаляваны вайсковец, а подпіс абвяшчае: «Ты з Беларусі? Дапамажы суседзям у барацьбе з супернікам!».

Сам праціўнік не называецца. Беларусам прапануюць 450 тысяч расійскіх рублёў (блізу 5 тысяч даляраў) за падпісанне кантракту. Назва краіны напісана дакладна, а не ў расійскай традыцыі.

Спасылка ў рэкламным паведамленні вядзе на цэнтр рэкрутынгу адміністрацыі адной з суседніх з Беларуссю абласцей Расіі. На сайце ёсць раздзел для замежных грамадзян, якія хочуць заключыць кантракт з расійскай арміяй. Мяркуючы па ўсім, абласны рэкрутынгавы цэнтр за кошт беларусаў спрабуе выканаць норму паводле кантрактнікаў.

У Беларусі паводле дзейнага закону ўдзел ва ўзброеных канфліктах за мяжой, а таксама наёмніцтва — гэта крымінальныя злачынствы, за якія пагражае да сямі гадоў турмы. Вярбоўка беларусаў на вайну за мяжой караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да дзесяці гадоў.

Nashaniva.com