29 кілаграм у тры гады: мінчанка гадуе дачку з цяжкай хваробай, а хейтары прапануюць перастаць даваць ежу вёдрамі
Дачцэ Юліяны Таратуты хутка споўніцца ўсяго 3 гады, але важыць дзяўчынка ўжо 29 кілаграм. Шмат хейтараў пішуць маці, якая даволі актыўная ў сацыяльных сетках, што не трэба даваць дзіцяці ежу вёдрамі. Але справа не ў харчаванні, а ў цяжкай хваробе. Пра гэта жанчына цярпліва распавядае ў блогу.
25.05.2024 / 12:43
Скрыншот відэа ў тыктоку
Незвычайную дзяўчынку бацькі ласкава называюць Малая Па. Яе вельмі чакалі — цяжарнасць у маці працякала ідэальна.
У інтэрв’ю парталу 24health.by Юліяна распавядала, што ў радзільню 5-й бальніцы Мінска яна прыехала ў акушэрскі тэрмін 42 тыдні і 3 дні, бо роды не пачыналіся самастойна. Там нават дактары здзівіліся: нягледзячы на вялікі тэрмін цяжарнасці, згодна з УГД тэрмін складаў усяго 35 тыдняў. Калі на наступны дзень даследаванне паўтарылі, то змянілі тэрмін на 37 тыдняў і 3 дні — усё роўна нашмат меншы за акушэрскі.
Дактары вырашылі стымуляваць роды. Нарадзілася Паліна не вельмі вялікай (менш за 3 кілаграмы) і слабенькай — у дзіцяці нават не было сілаў закрычаць і пачаць смактаць малодзіва.
— Потым нам пачалі казаць: «Вам ужо 6 месяцаў, пачынайце даваць брокалі, дзіцячае печыва для набору вагі (яно ж каларыйнае), дзіцячае пюрэ, можаце спрабаваць сокі», — распавядала пазней у сторыс Юліяна. — І калі я пабачыла, што маё дзіцё іх есць і набірае вагу, для мяне гэта стала перамогай. Таму што ўвесь час казалі: «Дзіця недабірае», — а тут нарэшце ўсё стала добра. З шостага па сёмы месяц яна набрала кілаграм.
На аглядзе ў год педыятр зноў параіў здаць аналіз на гармоны. Раптам высветлілася, што ў дзяўчынкі праблемы са шчытападобнай залозай — яна не выпрацоўвае дастатковай колькасці гармонаў. У выніку доўгіх абследаванняў у розных установах аховы здароўя Паліне паставілі дыягназ гіпатэрыёз.
Канешне, цяжкая хвароба ўплывае на тое, як развіваецца дзіця. У Паліны ўскладненая форма марбіднага атлусцення і затрымка псіхаматорнага і маўленчага развіцця з мышачнай гіпатаніяй. Нядаўна сям'я аформіла ёй інваліднасць, хоць маральна на гэта было складана рашыцца.
Свае першыя крокі Малая Па зрабіла толькі ў 2 гады і 9 месяцаў. Відэа з гэтай грандыёзнай для бацькоў падзеяй набрала ў тыктоку 5,4 мільёна праглядаў, больш за 122 тысячы лайкаў і каля 13 тысяч каментарыяў. На жаль, не ўсе каментатары паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі — многія сталі пісаць абразлівыя паведамленні, а нехта нават папракаў маму ў тым, што дзяўчынку раскармілі дзеля хайпу.
Юліяна была вымушана запісаць ролік, у якім паказала «вядро ежы», якое, па сцвярджэнні хейтараў, яна дае Паліне. Маці ўзважыла на кухонных вагах сняданак — талерку аўсянкі з ягадамі. Атрымалася, што вага ежы з талеркай 498 грам, з якіх 394 важыць сама талерка. Вага ж самай порцыі — 104 грама.
Гэтае відэа набрала ў тыктоку 9,5 мільёна праглядаў, 219 тысяч лайкаў і 12 тысяч каментарыяў. Сумна, але і ў гэты раз хейтараў у каментарыях знайшлося нямала. Але Юліяна не плануе кідаць блогерства і верыць, што калі-небудзь людзі пачнуць думаць і разважаць інакш.
Даследаванне з бюджэтам 190 млн даляраў высветліць, што найлепш есці кожнаму асобнаму чалавеку
Дацкі фармгігант захоплівае свет лекамі ад атлусцення, але эканоміка Даніі пад пагрозай. Як так?
Смакавыя рэцэптары самі даюць нам зразумець, калі спыніцца есці