КДБ масава затрымлівае чыгуначнікаў за фота аварыі, якую хацелі ўтаіць

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі» даведалася пра хвалю затрымання калег, якая трывае ад 20 мая.

25.05.2024 / 21:22

Толькі ў лакаматыўным дэпо «Мінск» 21 мая схапілі шэсць машыністаў і памочнікаў машыніста.

Аварыя 10 мая на станцыі «Мінск-Сартавальны», за перасылку фота якой затрымліваюць чыгуначнікаў. Фота: Belzhd.link

Кіраўніцтва дэпо сцвярджае, што прычынай затрыманняў была перасылка ў месенджарах і працоўных чатах фота аварыі 10 мая, калі манеўраны лакаматыў сышоў з рэек каля станцыі «Мінск-Сартавальны». Паводле супольнасці чыгуначнікаў, аварыю спрабавалі ўтаіць.

З ліку шасці затрыманых, пра якіх вядома супольнасці чыгуначнікаў, трох вызвалілі праз тры дні, тры застаюцца затрыманымі. Прынамсі двум інкрымінуюць «спрыянне экстрэмізму» — імаверна, гаворка пра артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу, паводле якога могуць пакараць пазбаўленнем волі на тэрміны да 7 гадоў.

@nashanivanews КДБ ловіць людзей, якія бачылі на аварыю цягніка #беларусь #нашаніва #беларусьновости #железнаядорога #белорусы #кгб #милициябеларуси ♬ DESTRUCTION - SCXR SOUL & NONTHENSE

Абвінавачаных звольнілі, таксама «прапанавалі» звольніцца начальніку адной са станцый лакаматыўнага дэпо — усё за тую ж перасылку здымкаў супрацоўнікамі.

Супольнасць чыгуначнікаў адзначае, што затрыманні і звальненні адбываюцца на тле вострага недахопу кадраў на чыгунцы. І нават ва ўмовах зніжэння аб’ёму грузаперавозак звальненне шасці супрацоўнікаў будзе адчувальным для лакаматыўнага дэпо.

Nashaniva.com