«Беларусьфільм» зняў мультфільм пра вайну — запаўняць залы дзецьмі будуць адміністрацыйнымі метадамі

Чыноўнікам даручылі забяспечыць яўку на новую стужку Нацыянальнай кінастудыі.

28.05.2024 / 12:59

У пракат выходзіць новы мультфільм «Мемарыяльныя комплексы Беларусі» вытворчасці «Беларусьфільма». Мінкульт даручыў сталічным і рэгіянальным чыноўнікам забяспечыць запаўненне кіназалаў.

Прэм'ера мультфільма запланаваная на канец чэрвеня, тады ж стужку будуць паказваць у дзіцячых лагерах па ўсёй краіне. У распараджэнні, якое апублікаваў «Флагшток», сказана, што «ў мэтах максімальна шырокага ўключэння дзіцячай і падлеткавай аўдыторыі гледачоў «чыноўнікам на месцах трэба аказаць садзейнічанне кінапракатным арганізацыям у выбары аздараўленчых летнікаў і правядзенні прэм'ерных паказаў».

Калі канікулы скончацца, мультфільм будуць паказваць у школах. Акрамя таго, дзяцей будуць вадзіць на стужку і ў кінатэатры. Прычым, мяркуючы па ўсім, бясплатна. Ад чыноўнікаў патрабуецца дапамога» ў прыцягненні мэтавай аўдыторыі гледачоў пры паказе дадзенага фільма ў кінатэатрах».

Мультфільм прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Беларусі. Анімацыя распавядае пра «гістарычныя падзеі, у памяць пра якія створаны мемарыяльныя комплексы». Сярод іх «Буйніцкае поле», «Прарыў, «Ола», «Чырвоны Бераг» і іншыя.

Nashaniva.com