Беларусы скардзяцца, што месяцамі не могуць запісацца на падачу на візу

Атрыманне еўрапейскай візы — сапраўдны квэст. Чытачы расказваюць пра складанасці з польскімі візамі.

29.05.2024 / 10:24

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Памагатары не даюць рады 

Адзін з суразмоўцаў кажа, што ўжо два месяцы мае на руках запаветнае запрашэнне ад паляка, але запісацца на падачу візы ўсё адно не можа.

«Запрашэнне каштавала мне 300 даляраў і два з паловай месяцы чакання. Спачатку з месяц шукаў таго, хто захоча «запрасіць» мяне ў госці, а потым яшчэ месяца паўтара трэба было пачакаць, пакуль яго аформяць польскія органы і яно патрапіць мне ў рукі. Хутка будзе два месяцы, як спрабую запісацца на падачу», — скардзіцца мужчына, які з зімы актыўна займаецца атрыманнем візы.

Па яго словах, забраніраваць дату не атрымліваецца ні самастойна, ні праз памагатараў.

«За дапамогу з запісам пасярэднік запрасіў 350 рублёў, папярэдне абяцаў, што цягам 2-3 тыдняў абавязкова запіша, але нічога не атрымалася. Недзе праз месяца паўтара мне патэлефанавалі і паведамілі, што наўрад ці змогуць дапамагчы. Сказалі, нібыта цягам красавіка вольных дат наогул не выпадала».

Мужчыне таксама параілі паспрабаваць запісацца самастойна або пашукаць знаёмых, якія працуюць у візавым цэнтры. 

Мужчына кажа, што памагатары спасылаюцца на тое, што нібыта пасля таго, як з сакавіка Польшча змяніла правілы запісу на падачу, запісацца на візу стала амаль немагчыма, у тым ліку самастойна.

Сярод яго знаёмых таксама ёсць людзі, якія ўжо больш за месяц не могуць запісацца на падачу на польскую візу.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

З картай паляка прасцей?

Іншая суразмоўца распавядае, што з сярэдзіны красавіка безвынікова намагаецца запісацца на падачу на візу на падставе карты паляка.

«Гадамі запісвалася на візу з дапамогай знаёмай, але сёлета ніяк не атрымоўваецца, хоць запіс на падачу па карце паляка заўсёды лічыўся самай простай задачай».

Складанасці з працоўнымі візамі

Мужчына, які працуе дальнабойшчыкам у польскай кампаніі, вымушана знаходзіцца ў працяглым адпачынку, бо таксама не можа запісацца на падачу.

«Рабіў працоўныя візы з 2021 года і ніколі не меў праблем з запісам. Першую візу атрымаў недзе праз тры тыдні, як толькі знайшоў працу ў Польшчы. Да гэтага разу ніякіх затрымак не было», — кажа дальнабойшчык.

Ён не адзіны супрацоўнік на фірме, які сутыкнуўся з падобнай праблемай.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Калегі кажуць, што праз тое, што рабіць візы стала складаней, працадаўца пачаў актыўна прапаноўваць рабіць часовыя дазволы на жыхарства тым кіроўцам-беларусам, якія добра працуюць і маюць намер заставацца на працы».

Праз тое, што сядзець месяцамі без працы дорага, мужчына пачаў шукаць любыя шляхі, як паскорыць працэс.

«Але ўсё безвынікова. Чалавек, знаёмы з консулам, паведаміў, што нібыта з нядаўняга часу пашпарты вязуць у Варшаву і там уклейваюць візу, таму нібыта на месцы (у Беларусі — «НН») вырашыць пытанне з візай немагчыма», — распавядае дальнабойшчык.

З яго слоў, у яго есць толькі адна знаёмая, якая ў маі здолела самастойна запісацца на падачу. На гэта ў яе сышло тры дні, амаль цалкам праведзеныя за камп’ютарам.

Польскія візавыя цэнтры ўвялі асобную рэгістрацыю яшчэ для адной катэгорыі беларусаў

Змяніліся правілы падачы дакументаў на польскую візу ў Беларусі

Албанія адмяніла бязвіз для беларускіх чыноўнікаў і дыпламатаў

Nashaniva.com