Шэнгенскія візы для беларусаў не падаражэюць

Грамадзяне Беларусі не будуць плаціць павышаны консульскі збор за афармленне шэнгенскіх віз. Пра гэта піша Sputnik са спасылкай на пасольствы Венгрыі і Францыі ў Беларусі.

28.05.2024 / 21:35

Раней Міністэрства замежных і еўрапейскіх спраў Славеніі анансавала павелічэнне збору за выдачу шэнгенскіх віз для грамадзян трэціх краін. Такое рашэнне, як адзначалася, прыняла Еўракамісія, і яно павінна было ўступіць у сілу з 11 чэрвеня. Гаворка ідзе пра візы тыпу С.

У пасольстве Венгрыі ў Мінску адзначылі: калі б планавалася павышэнне памеру консульскага збору, пра гэта паведамілі б на сайце дыпламатычнай місіі. Па факце ж такой інфармацыі няма. Іншымі словамі, віза для беларусаў па-ранейшаму будзе каштаваць 35 еўра.

У пасольстве Францыі дадалі, што гэтая мера не закране беларусаў — і тых, што знаходзяцца ў Беларусі, і тых, што маюць замежныя ДНЖ.

«Адпаведна, кошт консульскага збору складае 35 еўра. І пакуль гэтая цана не мяняецца», — растлумачылі ў прэс-цэнтры пасольства.

У 2020 годзе Беларусь і Еўрасаюз ратыфікавалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму. У рамках дакумента плата за консульскі збор за афармленне шэнгенскай візы зменшылася з 60 да 35 еўра. Рашэнне пачало дзейнічаць з 1 ліпеня таго ж года.

Іншая рэч, што ў выніку наступных палітычных падзей атрымаць візы беларусам увогуле стала цяжка, і фармальная яе цана тут не мае галоўнага значэння. Асноўная праблема — не ў цане, а ў тым, што большасць пасольстваў краін з шэнгенскай зоны звычайныя візы беларусам увогуле не выдаюць, а ў тых, якія выдаюць — вялікія чэргі і складаныя ўмовы ды працэдуры. У выніку фактычна візы, калі іх удаецца атрымаць, абыходзяцца не ў 35 і не ў 60 еўра, а ў разы — а нярэдка і ў дзясяткі разоў, — даражэй.

Ці зменіцца сітуацыя з візамі і як яшчэ можна будзе караць сілавікоў, што запэцкаліся катаваннямі — расказвае Латушка

Беларусам сталі часцей адмаўляць у шэнгенскіх візах. Але не толькі ім

Шэнген для беларусаў: магчымыя варыянты, кошт пытання і гісторыі з жыцця

Пачалі выдаваць балгарскі турыстычны шэнген. Што трэба, каб яго атрымаць?

«Польскі візавы цэнтр — проста здзек». Новыя правілы запісу на візу з сэлфі дадалі праблем

Nashaniva.com