Брат Вітольда Ашурка расказаў пра апошнія гады жыцця маці і размову з ёй перад смерцю
27 мая ў Бярозаўцы памерла Алена Міронаўна — маці палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў тры гады таму ў шклоўскай калоніі. «Наша Ніва» пазваніла Андрэю Ашурку, брату Вітольда, і распытала пра апошнія гады жыцця жанчыны.
29.05.2024 / 15:08
Фота: «Радыё Свабода»
На пытанне пра тое, як ён, Андрэй адказвае коратка: «Як ёсць».
Апошнія тры гады жыцця маці, кажа Андрэй, былі псіхалагічна цяжкія: «Трэба ўлічваць яе гады — сёлета 13 мая ёй споўнілася 86. Яшчэ да выбараў [2020-га], ды і адразу пасля іх яна перажывала за нас з Вітольдам: казала, маўляў, вы ж ведаеце, з кім звязваецеся, яны зладзеі і ўсякае можа быць.
Пасля забойства Вітольда, пасля пахавання яе псіхалагічны стан быў благі, мела нервовы зрыў. Яна часта хадзіла на могілкі — добра, што ёй было недалёка хадзіць».
Андрэй разважае, што наўрад ці яго маці здолела адысці ад падзей 2021-га, калі адзін яе сын загінуў, а іншы быў вымушаны эміграваць. Хутчэй, жанчына проста звыклася з гэтым:
«Кожны раз як мы стэлефаноўваліся, яна казала мне, каб мы [з сям’ёй] ні ў якім разе не вярталіся ў Беларусь — маўляў, не едзьце, бо вы прыедзеце, вас арыштуюць і вы скончыце тым жа чынам, як Вітольд. Як ты адыдзеш, пахаваўшы сына?
Паўтара года таму, у снежні, яна паслізнулася і зламала шыйку сцягна. Першыя некалькі месяцаў пасля гэтага яна не ўставала з ложка, а потым неяк навучылася хадзіць — на саначках, на мыліцы. Па доме яна хадзіла, але ўжо на могілкі ніяк не магла схадзіць, нават на балкон ёй было цяжка выйсці».
Месяц таму Алена Міронаўна перанесла мікраінсульт, а за некалькі дзён да смерці вярнулася дахаты з бальніцы. Здавалася, жанчына адчувала сябе добра — не было праблем з маўленнем і памяццю, але пасля вяртання яна пражыла толькі некалькі дзён. Андрэй мяркуе, што адно наклалася на іншае: псіхалагічны стан, хваробы і гады.
У жанчыны была добрая сядзелка, якая глядзела яе дзень і ноч, да яе часта прыходзілі сяброўкі і знаёмыя. Кожны раз, калі ў маці былі госці, Андрэй з ёй стэлефаноўваўся па відэасувязі — гутаркі былі доўгія, па гадзіне. Ён планаваў такую гутарку і 27 мая, у дзень, калі жанчына памерла.
Андрэй згадвае апошнюю размову з маці: «Яна адразу сказала, каб толькі не ехалі ў Беларусь. Нармальна пагутарылі — пра жыццё, пра сёе-тоё, што чуваць. Ёй хацелася, каб ёй замянілі тазасцегнавы сустаў, тым больш што мы стаялі на чарзе [на аперацыю]. А я казаў, што часам ён не прыжываецца, ды ў яе і гады не спрыяюць. А яна: «Ты што, быў на маіх хрэсьбінах?» Вядома, не быў.
Потым казала — што за доля, давядзецца паміраць адной. Як ведала. Суцяшаў яе: «Ты ж не адна, каля цябе сядзяць людзі, якія свой час трацяць на цябе». І тады яна казала, што сапраўды ёй не даюць сумаваць, шмат хто да яе прыходзіць. Пазітыўна пагаварылі, як звычайна, бо трэба ж неяк падтрымаць матулю».
Мужчына не хавае — вельмі хочацца прыехаць у Беларусь на пахаванне маці, неяк развітацца з ёй. Але ён разумее, што гэтым парадуе мясцовых сілавікоў, і на такі крок ісці не варта. Таму можа развітацца з ёй толькі словамі:
«Я спадзяюся, што мы выраслі не самымі кепскімі людзьмі. Магу толькі сказаць — дзякуй табе, мама, за ўсё, што ты для нас з Вітольдам зрабіла, і прашу прабачэння, калі, можа быць, мы цябе пакрыўдзілі, бо ўсякае ў жыцці было. Зямля табе хай будзе пухам. Ты ўжо са сваім сынам, табе ўжо лягчэй, табе, як і яму, ужо нічога не баліць, толькі спакой».
Алена Міронаўна Ашурак будзе пахаваная ў Бярозаўцы.
«Пасадзілі, але забіваць нашто?» Андрэй Ашурак — пра год без свайго брата Вітольда
Лёс Вітольда Ашурка прымяраў на сябе кожны, або Як выжыць у калоніі