Падобна, двух топ-чыноўнікаў з Мінфіна і Мінтранса судзяць за хабар і «здраду дзяржаве»
Андрэю Іванову і Аляксандру Карзюку пагражае да 25 гадоў турмы.
29.05.2024 / 19:14
Злева направа: Андрэй Іваноў і Аляксандр Карзюк. Фота: bvn.by, «Кіберпартызаны»
На лаве падсудных аказаліся Андрэй Іваноў і 56-гадовы Аляксандр Карзюк. Іх ініцыялы цалкам супадаюць з імёнамі колішніх беларускіх топ-чыноўнікаў. Іваноў да 2020-га займаў пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый, а Карзюк да нядаўняга часу ўзначальваў упраўленне фінансаў ЖКГ, транспарту і сувязі Міністэрства фінансаў.
Карзюк аніводнага разу не даваў публічных інтэрв'ю. Вядома толькі, што ён добра гуляе ў шахматы.
Андрэй Іваноў раней узначальваў РУП «Белаўтастрада», якое абслугоўвае сістэму BelToll. У сакавіку 2019-га яго назначылі намеснікам міністра транспарту і камунікацый. «Беларусь і Расія — суседзі, саюзнікі і аднадумцы», — казаў Іваноў у адным з апошніх сваіх інтэрв'ю на пасадзе. Ён ездзіў з працоўнымі камандзіроўкамі ў розныя краіны, у тым ліку і ў ЕС. Але ў сакавіку 2020-га яго раптоўна здымаюць «па пагадненні бакоў».
Суд над мужчынамі пачаўся 27 мая ў Мінскім гарадскім судзе. Ён будзе закрыты.
Акрамя «атрымання хабару ў буйным і асабліва буйным памерах» (ч. 2 і ч. 3 КК РБ) абодвух мужчын судзяць па ч. 2 арт. 356 КК, «здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча». Сутнасць абвінавачання невядомая.
Ім пагражае па суме абвінавачанняў да 25 гадоў турмы. Судзіць іх суддзя Сяргей Кацэр, вядомы па многіх палітычных справах.
За буйны хабар судзяць дырэктара «Мінскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС
Намесніку кіраўніка прадпрыемства з групы кампаній «Санта» далі 10 гадоў за буйны хабар