Краўцоў: Казаць «хочацца, каб Расія распалася»… Для мяне гэта гучыць дзіўна
Сябра штаба Віктара Бабарыкі, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў патлумачыў у эфіры «Еўрарадыё» свой тэзіс аб шкодзе для Беларусі ад імавернага развалу Расіі. І расказаў, у якім выпадку для беларусаў насамрэч могуць адкрыцца вокны магчымасцей.
30.05.2024 / 16:06
Іван Краўцоў. Скрын відэа EuroradioLive / YouTube
Распад Расіі для Беларусі — гэта «акно», але пытанне ў тым, што з гэтага акна падзьме
Па словах Краўцова, распад Расіі для Беларусі — гэта «акно», але пытанне ў тым, што з гэтага акна падзьме. Як ён тлумачыць, «ёсць кансэнсус у міжнароднай супольнасці, што распад дзяржавы, у якой ёсць шэсць тысяч ядзерных боегаловак, даволі небяспечная забава. Гэта павінен быць вельмі зразумелы, кантраляваны працэс.
Сітуацыя, калі Расія разваліцца на 43 дзяржавы, адразу будзе азначаць узброеныя канфлікты. Пачнецца хаос і грамадзянская вайна».
У сувязі з гэтым, заўважае Краўцоў, фармулёўка «хацелася б» наконт распаду Расіі, яму не вельмі зразумелая, і адзначае: «Мне, хутчэй, хацелася б, каб Расія была нармальнай цывілізаванай дзяржавай і не нападала на сваіх суседзяў».
У такой сітуацыі Беларусь, лічыць Краўцоў, толькі выйграла б: «Краіны, якія знаходзяцца паміж геапалітычнымі блокамі, заўсёды выйграюць, калі паміж гэтымі блокамі ідзе пацяпленне адносін. Калі абвастрэнне, то ты знаходзішся між молатам і кавадлам.
У гэтай сітуацыі для Беларусі лепш не быць фарпостам за крайняй мяжой Рымскай імперыі перад варварскімі тэрыторыямі, калі там пачнецца хаос, а лепш быць лагістычным хабам, — краінай паміж буйнымі гульцамі. І за кошт гэтага выйграваць як эканамічна, так і з пункту гледжання чалавечага капіталу».
У далейшай размове Краўцоў заўважыў: «Казаць, што «вельмі хочацца, каб Расія распалася»… Для мяне гэта неяк гучыць дзіўна. Мне здаецца, мы не разумеем, аб чым гаворым».
«Калі ў Расіі нешта атрымаецца, Лукашэнка паедзе ў Маскву глядзець, хто там новы прыйшоў»
Краўцоў адзначае, што нельга блытаць распад Расіі і выхад з яе складу асобных тэрыторый:
«Аддзяленне асобных тэрыторый — гэта не тое ж самае, што распад. Распад азначае вакуум улады. Дзяржава не можа ніяк кіраваць краінай. І адбываецца драбленне і дзяленне. Тое, што нейкія тэрыторыі могуць выйсці са складу Расійскай Федэрацыі, цалкам магчымы сцэнар. Тэрыторыя можа зменшыцца».
Калі ж гаварыць пра распад, то, на думку Краўцова, гэта маларэальны сцэнар, бо Расія «дастаткова стабільная дзяржава». Ён вельмі сумняваецца, што нават у выпадку паражэння ў вайне ва Украіне адбудзецца распад.
«Гэта можа ініцыяваць працэс выхаду асобных рэспублік, але развал практычна нерэальны. (…)
Калі ў Расіі нешта адбудзецца, Лукашэнка паедзе ў Маскву глядзець, хто там новы прыйшоў замест Пуціна. Будзе з ім дамаўляцца. Так, ён будзе больш матываваны пачаць нейкія перамовы з Захадам».
Краўцоў падкрэслівае, што не разумее сцэнару залежнасці змен у Беларусі ад змены становішча ў Расіі. Уяўленне аб тым, што Расія саслабела — і адразу ў Беларусі нешта адбудзецца, Краўцоў лічыць вельмі спрошчаным:
«Што, людзі ў Беларусі адразу выходзяць на вуліцы таму што эканоміка Расіі саслабела ці калі Пуцін больш не прэзідэнт? Метафарычна ёсць такі шанец: Расія саслабне, у Беларусі [стане] больш манеўру. Але практычна што гэта значыць? Я не разумею, шчыра».
«Калі ў цябе ідзе павольная дэградацыя, стагнацыя, то тут адкрываюцца вокны магчымасцей»
Па словах Краўцова, цяпер Беларусь знаходзіцца ў закладніках сітуацыі, якая існуе: «Пакуль ідзе вайна ва Украіне, наўрад ці нешта зменіцца. Мы ў закладніках і ад таго, што залежым ад Расіі на 75-80 працэнтаў. У нас няма самастойнай міжнароднай палітыкі. Эканоміка пераключылася на адзін бок.
У такой мадэлі — калі моцна спрашчаць — калі тое, ад чаго ты моцна залежыш, раптам падае, гэта на цябе вельмі моцна ўплывае».
У сувязі з гэтым, падкрэслівае Краўцоў, «лепш, каб падалі павольна, кантралявана. І была магчымасць на гэты працэс неяк паўплываць». І тлумачыць:
«Як мы бачылі, на хуткія працэсы ні ў людзей, ні ў дэмакратычных сіл няма магчымасці ўплываць. Усе ваенныя перавароты, хунты… — у гэтых працэсах у людзей рэальна няма магчымасці ўдзельнічаць, выходзіць. Яны проста не паспяваюць. Гэта адбываецца за тры дні. Ты, як кажуць, упаў, апрытомнеў — гіпс.
А калі ў цябе ідзе павольная дэградацыя, стагнацыя, то тут адкрываюцца вокны магчымасцяў і для дыпламатыі, і для актывізму, для таго, каб людзі мабілізоўваліся».
Іван Краўцоў супраць распаду Расіі: Будзе горш, будзе хаос
«Чаму цягнікі не ходзяць у Вільню? Што, Лукашэнка карыстаецца электрычкамі?» — Краўцоў
Краўцоў паразважаў пра рэзанансныя словы Бабарыкі ў 2020-м і анансаваў сваю кнігу