Яшчэ два польскія салдаты атрымалі раненні на мяжы з Беларуссю

За апошнія два дні ў Падляскім аддзяленні, на мяжы з Беларуссю, было здзейснена больш за 300 спробаў незаконнага перасячэння мяжы.

31.05.2024 / 13:50

Польскія памежнікі патрулююць мяжу на такіх квадрацыклах. Фота: podlaski.strazgraniczna.pl

У сераду было зарэгістравана 152 выпадкі, звязаныя з нелегальнай міграцыяй. «Агрэсіўныя замежнікі, якія знаходзіліся за тэхнічным бар'ерам, некалькі разоў атакавалі польскія службы. У выніку такіх агрэсіўных паводзін пацярпелі двое вайскоўцаў, якіх даставілі ў бальніцу», паведамляе падляскае аддзяленне Польскай памежнай службы.

Польска-беларускую мяжу мігранты спрабавалі незаконна перасекчы на ўчастках, якія ахоўваюцца заставамі ў Белавежы, Дубічах Царкоўных, Нараўцы, Міхалове і Чарэмшы.

Учора таксама былі затрыманыя чатыры кур'еры, якія перавозілі агулам 19 замежнікаў. У адным з выпадкаў затрыманы ў раёне Гайнаўкі грамадзянін Польшчы ў легкавым Volkswagen перавозіў 9 мігрантаў.

Тры разы за апошнія два дні памежнікі аказвалі дапамогу замежнікам, якія мелі патрэбу ў медыцынскай дапамозе, чатыры чалавекі былі дастаўлены ў бальніцу.

З пачатку гэтага года на ўчастку, які ахоўваецца Падляскім атрадам памежнай аховы, у Польшчу спрабавалі пранікнуць людзі з 35 краін, падсумоўвае польская памежная служба.

Раней у пачатку тыдня паведамлялася пра раненне польскага салдата ў выніку нападу мігрантаў.

Nashaniva.com