Адным з затрыманых у Польшчы па «справе аб падпалах» беларусаў можа быць раней судзімы былы баец ММА

Адным з затрыманых у Польшчы па падазрэнні ў арганізацыі падпалаў грамадзян Беларусі можа быць мінчук Сцяпан Касцючэнка, піша «Позірк», спасылаючыся на матэрыялы, перададзеныя яму аб'яднаннем былых сілавікоў BelPol.

31.05.2024 / 22:14

Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Здымак ілюстрацыйны. Фота: gov.pl

28 мая стала вядома, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АВБ) затрымала ў Варшаве некалькі чалавек па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў на тэрыторыі краіны. У іх ліку апынуўся ўладальнік аўтамабіля Renault з беларускімі дзяржаўнымі нумарамі 8678 PE-7.

Паводле інфармацыі BelPol, уладальнікам аўто з'яўляецца жыхар Мінска 1987 года нараджэння Сцяпан Касцючэнка. Чалавека з такім жа імем, прозвішчам і падобнай фатаграфіяй удалося выявіць у сетцы прафесійных кантактаў LinkedIn, дзе пазначана, што мужчына знаходзіцца ў Польшчы.

Супадае таксама дата нараджэння (14 лютага) і месца працы, якія ўдалося высветліць Belpol — у 2010—2018 гадах ён працаваў у ААТ «Амкадор». Аднак у інфармацыі экс-сілавікоў пазначана, што мужчына быў слесарам, а ў анкеце ў сацсетцы пазначаная пасада «вядучы інжынер».

Са студзеня па ліпень 2019 года Касцючэнка працаваў спецыялістам па аптовых продажах унітарнага прадпрыемства «ПС Аўта груп», з мая па лістапад 2020 года — спецыялістам па пасляпродажным абслугоўванні СП «Святавіт».

Таксама «Позірку» атрымалася высветліць, што ў чэрвені і лістападзе 2011 года мужчына браў удзел як мінімум у двух баях па змешаных адзінаборствах (ММА): у турнірах «Еўрапейская M-1 бітва» і «M-1 BFC 13— Мінск-Файт». Абодва баі ён прайграў.

Даныя, атрыманыя ад BelPol, сведчаць, што Касцючэнка быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову па арт. 70 (прызначэнне больш мяккага пакарання, чым прадугледжана за гэтае злачынства і арт. 205 (крадзеж, учынены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

Паводле фабулы злачынства, мужчыну палічылі вінаватым у выкраданні 35 мабільных тэлефонаў на суму 7,1 млн рублёў. Акрамя таго, мінчук, як сцвярджаецца, 30 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па лініі Дзяржаўтаінспекцыі.

Таксама рэдакцыі вядома, што мужчына жанаты і ў яго ёсць дачка.

На пытанне «Позірка», ці мог мужчына быць завербаваны спецслужбамі, у BelPol адказалі, што такая «верагоднасць вельмі высокая».

29 мая Gazeta Wyborcza паведаміла, што «ў склад дыверсійнай групы, якая дзейнічала па заданні расійскай разведкі», уваходзілі «грамадзянін Польшчы Каміль К. і двое беларусаў: Андрэй В. і Стэфан М.»

На літару «М» пачынаецца прозвішча жонкі меркаванага фігуранта. Акрамя таго, мужчына ў кайданках на фота, апублікаваным польскім выданнем, нягледзячы на накладзены на твар чорны прастакутнік, падобны да Касцючэнкі, фатаграфія якога, як сцвярджаецца, ёсць у рэдакцыі «Позірка», але яна яе не публікуе.

Латушка пра групу беларускіх дыверсантаў, закінутых у Еўрасаюз: Мэтай можа быць ліквідацыя як мяне, так і Сахашчыка

Польскія спецслужбы затрымалі двух беларусаў — іх вінавацяць у падрыхтоўцы дыверсій па заданні Крамля

У Польшчы затрымалі двух беларусаў, падазраваных у здзяйсненні падпалаў

Nashaniva.com