Белы дом: Дазвол на ўдары зброяй з ЗША па Расіі тычыцца не толькі Харкаўшчыны

Дырэктар па пытаннях Еўропы Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Майкл Карпентэр заявіў, што рашэнне ЗША дазволіць Украіне ўдары амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расіі тычыцца не толькі Харкаўскай вобласці. Пра гэта ён сказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю ўкраінскай ТСН, паведамляе «Еўрапейская праўда».

31.05.2024 / 23:35

Майкл Карпентэр. Скрыншот з відэа

Карпентэр адзначыў, што з меркаванняў аператыўнай бяспекі не можа раскрываць дэталі ўмоў, пры якіх Украіна можа наносіць удары па расійскай тэрыторыі. Ён, аднак, у адказ на ўдакладняючае пытанне пацвердзіў, што гаворка ідзе пра тэрыторыі не толькі каля Харкаўскай вобласці, але і Сумшчыны.

«Гэта тычыцца ўсяго рэгіёну на поўначы [Украіны], дзе расійскія сілы абстрэльваюць Украіну. Раней яны маглі адносна бяспечна адтуль абстрэльваць, але цяпер украінскія сілы могуць выкарыстоўваць нашы боепрыпасы і зброю, каб мець магчымасць весці агонь у адказ», — адзначыў прадстаўнік Рады нацбяспекі ЗША.

Карпентэр, аднак, адмовіўся гаварыць, ці можа рашэнне Вашынгтона распаўсюдзіцца на іншыя расійскія тэрыторыі.

«Як я толькі што сказаў, гэтыя рэкамендацыі тычацца паўночнай мяжы ў Харкаўскай і Сумскай абласцях, дзе расійскія сілы вядуць агонь па Украіне», — падкрэсліў ён.

З лютага 2022 года ЗША адмаўляліся дазволіць выкарыстоўваць любую зброю, якую яны пастаўляюць Украіне, для ўдараў па тэрыторыі Расіі. У той жа час ёй было дазволена наносіць удары па цэлях у Крыме, паколькі ён знаходзіцца ў міжнародна прызнаных межах Украіны, а Вашынгтон не прызнае анексію паўвострава Масквой.

Стала вядома, якую зброю ЗША дазволяць выкарыстоўваць на тэрыторыі Расіі

Байдэн таемна дазволіў Украіне біць амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расіі

Заходнія лідары абмяркоўваюць зняцце абмежаванняў на нанясенне Украінай удараў па тэрыторыі Расіі

Nashaniva.com