Акадэмія навук збірае перадзамовы на дзве кнігі па гісторыі беларускай мовы

Аддзел гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі аб'явіў пра дзве падрыхтаваныя да друку працы і збірае перадзамовы на кнігі, каб улічыць інтарэсы чытачоў пры выпуску накладу выданняў.

01.06.2024 / 16:20

Фота ілюстрацыйнае

1) «Гісторыка-этымалагічны слоўнік іншамоўных слоў у старабеларускай мове» (рукапіс знаходзіцца ў выдавецтве «Беларуская навука»), падрыхтаваны галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы членам-карэспандэнтам НАН Беларусі Аляксандрам Булыкам.

У гэтай лексікаграфічнай працы разглядаюцца запазычанні старабеларускай мовы, паказаны час іх першай пісьмовай фіксацыі, значэнне, ужыванне ў помніках пісьменнасці, арфаграфічныя варыянты, этымалогія, дэрывацыйны патэнцыял, для параўнання пададзены іх адпаведнікі ў суседніх славянскіх мовах.

2) Перавыданне вядомай манаграфіі «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аркадзя Жураўскага з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння навукоўца.

У кнізе асвятляецца станаўленне і развіццё беларускай літаратурна-пісьмовай мовы эпохі беларускай народнасці, яе роля і функцыі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці нашых продкаў. Асобна асвятляецца моватворчая дзейнасць Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змешчаныя назіранні і вывады грунтуюцца на непасрэдным вывучэнні аўтарам арыгіналаў рукапісных і друкаваных помнікаў старабеларускай пісьменнасці.

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства просяць усіх, хто жадае набыць гэтыя кнігі пасля іх апублікавання, напісаць на адрас ahbm1952@mail.ru да 10 чэрвеня.

      Бюджэт 6 мільёнаў еўра, штат 50 супрацоўнікаў. У Варшаве прэзентавалі праект Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта

      «Па-мясцоваму не магла, а па-беларуску «не выпендрывайся». Дачка Васіля Сёмухі расказала, як з дзяцінства купалася ў моры шматмоўнасці 

      Як жонка Лукашэнкі ў 1995-м галасавала супраць рускай мовы

      Ці не ўзарве моўнае пытанне постлукашэнкаўскую Беларусь?

      Nashaniva.com