Упершыню ў гісторыі Мексікі прэзідэнтам абралі жанчыну. Яна нобелеўская лаўрэатка
А яе дзядуля эміграваў з Літвы.
03.06.2024 / 07:38
Фота: Eduardo Verdugo / AP
Прэзідэнтам Мексікі ўпершыню ў гісторыі стане жанчына: на выбарах, якія прайшлі ў нядзелю, упэўнена перамагае былая мэр Мехіка і пратэжэ дзейнага прэзідэнта Клаўдыя Шэйнбаўм, піша Бі-бі-сі.
Паводле першых звестак хуткага падліку ЦВК, заснаваных на апрацоўцы бюлетэняў з 7500 участкаў, Шэйнбаўм набірае 58,4% галасоў, яшчэ адна жанчына — яе галоўная суперніца, сенатар — Ксатчытль Гальвес — 30,4%.
Экзіт-пол, праведзены кампаніяй Parametria, паказаў, што за Клаўдыю Шэйнбаум прагаласавалі 56% выбаршчыкаў, а за Ксачытль Гальвес — 30%. Экзіт-пол кампаніі Enkoll даў падобныя вынікі: 57,8% за Шэйнбаум і 29,1% за Гальвес.
61-гадовая Клаўдыя Шэйнбаум была вылучана ў прэзідэнты кааліцыяй Sigamos Haciendo Historia («Працягнем тварыць гісторыю»), у якую ўвайшлі тры левыя партыі, у тым ліку кіроўная партыя Moreno дзейнага прэзідэнта Андрэса Мануэля Лопеса Абрадора.
Сам Лопес Абрадор па Канстытуцыі не можа балатавацца на другі тэрмін і таму падтрымаў Шэйнбаўм.
Шэйнбаум вырасла ў Мехіка ў яўрэйскай сям'і (яе дзядуля і бабуля па лініі бацькі эмігравалі сюды ў 1920-я з Літвы, а бабуля была з балгарскіх яўрэяў) і спачатку атрымала вядомасць як фізік, а ў 2007 годзе атрымала калектыўную Нобелеўскую прэмію міру ў якасці члена Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату.
У 2000 годзе Лопес Абрадор, які быў тады мэрам Мехіка, прызначыў Шэйнбаум сакратаром па пытаннях навакольнага асяроддзя сталіцы, а ў 2018 годзе яна змяніла Абрадора, які перамог на прэзідэнцкіх выбарах, на пасадзе мэра.
Шэйнбаум абяцае працягнуць і развіць палітыку Лопеса Абрадора.
Адзін з галоўных пунктаў яе перадвыбарнай праграмы — барацьба са злачыннасцю. На пасадзе мэра Мехіка ёй удалося знізіць колькасць наўмысных забойстваў у сталіцы да самага нізкага ўзроўню за больш чым тры дзесяцігоддзі, і яна збіраецца распаўсюдзіць гэты вопыт на ўсю краіну.
Шэйнбаўм абяцае зрабіць упор на каардынацыі паміж Нацыянальнай гвардыяй, паліцыяй Штатаў і пракуратурай, а таксама на працу разведвальных і следчых службаў.
Барацьба са злачыннасцю, зрэшты, была адным з галоўных пунктаў праграм усіх трох кандыдатаў (трэцім быў дэпутат парламента штата Сакатекас Хорхе Альварэс Майнес).
З 2018 па 2022 год штогадовая колькасць наўмысных забойстваў у Мексіцы перавышала 30 тысяч, прычым пік прыйшоўся на 2020 год, калі ў краіне забілі 36 773 чалавекі. З 2020 года ўзровень забойстваў зніжаўся і ў 2023 годзе ўпершыню за пяць гадоў апусціўся ніжэй за 30 тысяч, але гэта ўсё роўна вельмі шмат для 130-мільённай краіны і вышэй за сярэдні ўзровень 1990—2017 гадоў.
Шматлікімі забойствамі была азмрочана і цяперашняя перадвыбарчая кампанія. 2 чэрвеня ў Мексіцы выбіралі не толькі прэзідэнта, але і губернатараў некалькіх штатаў і тысячы дэпутатаў розных узроўняў, і падчас гэтай кампаніі былі забітыя 36 кандыдатаў.