«Кіберпартызаны» ўзламалі ўнутраную сетку БДУ і паназіралі, як там круцяцца жорны рэпрэсій

«Кіберпартызанам» удалося ўзламаць унутраную сетку БДУ і спампаваць з яе шмат матэрыялаў амаль год таму, летам 2023 года. Аналіз гэтых і іншых матэрыялаў даў ім магчымасць прачыніць вакенца ва «ўнутраную кухню» найбуйнейшай беларускай ВНУ.

03.06.2024 / 21:42

Фота ілюстрацыйнае

Сярод матэрыялаў, да якіх кіберпартызанам удалося атрымаць доступ, як заяўляецца, «справаздачы ў ГУУС, пракуратуру, адміністрацыю Лукашэнкі адносна палітычна матываваных звальненняў і адлічэнняў, сачэння за выкладчыкамі, парушэння нормаў маралі, інтрыгаў і крывадушнасці нават у дачыненні да ўласных «паплечнікаў».

Хакеры нагадваюць, што рэктар БДУ Андрэй Кароль 14 жніўня 2020 года выпусціў зварот, у якім запэўніў, што за ўдзел у мірных акцыях адлічэнняў і звальненняў у БДУ не будзе. На практыцы ж было зусім іначай. У здабытым кіберпартызанамі неафіцыйным лісце ад кіраўніцтва ВНУ пракурору Маскоўскага раёна горада Мінска Віктару Шабану сцвярджаецца, што з 9 жніўня 2020 года па палітычных матывах у БДУ звольненыя 50 работнікаў, двое атрымалі заўвагі, а трое — вымовы. Акрамя таго, былі адлічаныя 140 студэнтаў.

Аднак гэта толькі вяршыня айсберга, бо нашмат больш выкладчыкаў БДУ вымусілі пакінуць месца працы па паразуменні бакоў. З дынамікі кадравых паказчыкаў БДУ з 2018 па 2022 гады вынікае, што толькі за 2 гады займаныя пасады пакінулі больш за 450 чалавек.

Скрын з дакумента «Дынаміка кадравых паказчыкаў БДУ 2018 2022»

Пры гэтым на адным з камп'ютараў ва ўнутранай сетцы БДУ захоўваліся аўдыёзапісы. Сярод іх быў і запіс рэктара Андрэя Караля, на якім ён заяўляе, што пад палітычную чыстку ва ўніверсітэце трапілі не менш за 500 работнікаў.

Пры гэтым выглядае, што рэктар БДУ сам дапамагаў МУС затрымліваць студэнтаў, ён асабіста даносіў знаёмаму супрацоўніку МУС Андрэю Галенку пра тое, дзе і як праходзяць студэнцкія акцыі. Захавалася адпаведная перапіска ў вайберы.

«Кіберпартызанам» удалося таксама скласці кола супрацоўнікаў БДУ, якія найбольш актыўна дапамагалі Андрэю Каралю разгарнуць рэпрэсіўную кампанію ў сценах універсітэта.

«Усе людзі, чые імёны і фота вы бачыце ніжэй, а таксама шэраг іншых супрацоўнікаў БДУ, пачынаючы з 2020 года, на працягу 4 гадоў займаюцца запалохваннямі, ціскам, сачэннем, палітычнымі звальненнямі, адлічэннямі і даносамі на студэнтаў і выкладчыкаў у сілавыя структуры рэжыму», — сцвярджаюць хакеры.

Са спецслужбаў, органаў улады і структур МУС адкрыта паступаюць загады, якія відавочна парушаюць закон. Так, сярод атрыманых дакументаў ёсць афіцыйны запыт з ГУБАЗіКа ад намесніка начальніка ўпраўлення Дзмітрыя Ковача, які патрабуе не дапусціць паступлення ў ВНУ абітурыента толькі на падставе таго, што ён удзельнічаў у мірных акцыях пратэсту і пакідаў каментары ў інтэрнэце супраць рэжыму.

Таксама «Кіберпартызаны» апублічваюць найноўшыя матэрыялы пра рэпрэсіі, якія адбыліся за апошні год. 

У відэа з расследаваннем яны прывялі фрагменты допыту рэктарам БДУ двух выкладчыкаў за зачыненымі дзвярыма кабінета 22 жніўня 2023 года, падчас якога ён прымушае супрацоўнікаў пісаць тлумачальныя з нагоды іх палітычнай пазіцыі і знаходжання ў месцах правядзення масавых акцый пратэсту.

Таксама апублікаваны аўдыёзапіс за 2024 год, на якім штатны супрацоўнік КДБ Яраслаў Чаркаскі, які займае ў БДУ пасаду прарэктара па бяспецы і кадрах, гаворыць пра тое, што двух супрацоўнікаў універсітэта трэба звольніць па палітычных матывах. Прычым зрабіць гэта павінен пэўны супрацоўнік, у чыёй лаяльнасці ў КДБ сумняваюцца, паколькі раней той не ўдзельнічаў у ідэалагічных чыстках ВНУ.

Пра іншыя таямніцы кіраўніцтва БДУ «Кіберпартызаны» абяцаюць расказаць у наступных частках свайго расследавання.

«Мы змагаемся не за тое, каб трошачку нешта змяніць, а каб прыбраць рэжым Лукашэнкі». Гісторыя беларускіх «Кіберпартызанаў»

«На прадпрыемстве паніка». «Кіберпартызаны» заявілі пра новую атаку на «Гродна Азот»

Даносчыкі зараз двойчы падумаюць

Сцяпана Латыпава здаў КДБ ягоны расійскі калега-арбарыст. Але сам спрабуе адмаўляць гэта

Nashaniva.com