Улады так зачысцілі выставу «Арт-Мінск», што нават лукашэнкаўцам не падабаецца
«Міс Беларусь-2023» Элеанора Качалоўская наведала выставу «Арт-Мінск» і расчаравана прызналася, што ёй было сумна праз пустэчу ў галерэі. А прычына гэтага празаічная: палітычная цэнзура.
04.06.2024 / 15:50
Элеанора Качалоўская, фота з яе інстаграма
Прыгажуня падзялілася ўражаннямі ад выставы ў сторыс: «У гэтым годзе адразу адзначыла сціпласць «Арт-Мінска». Прыемна было ўбачыць новыя карціны ўжо вядомых мастакоў. І сумна было, што адчуваецца пустата ў галерэі». Элеанора таксама адзначыла, што яе фаварыткай ужо не першы год з’яўляецца мастачка Алеся Скарабагатая. Карціна, якая спадабалася мадэлі, называецца «Рамантычная вячэра» і каштуе 31 500 рублёў.
Карціна «Рамантычная вячэра» Алесі Скарабагатай каштуе 31 500 рублёў. Скрыншот сторыс Элеаноры Качалоўскай
Удзельнікаў выставы сапраўды стала менш. Для параўнання: у 2020 годзе ў «Арт-Мінску» ўдзельнічала каля 400 аўтараў, у 2024-м на афішы пазначана 200. Прычына празаічная: цэнзура. Першы скандал, звязаны з гэтым, адбыўся ў 2022-м годзе. Тады амаль у апошні момант перад урачыстым адкрыццём выставы з Палаца мастацтваў у Мінску тэрмінова выносілі работы мастакоў, якіх палічылі «ідэалагічна ненадзейнымі» — пад каток цэнзуры трапілі некалькі дзясяткаў творцаў.
«Наша Ніва» на ўмовах ананімнасці пагаварыла з адным з мастакоў, які трапіў у катэгорыю «непажаданых». Суразмоўца кажа, што па яго падліках праз цэнзуру ў Беларусі выкраслілі з культурнага жыцця не менш за паўсотні творцаў.
Але ён адзначае, што ў гэтым годзе «Арт-Мінск» яму спадабаўся:
— Шчыра кажучы, я лічу, што экспазіцыя лепшая, чым у мінулы раз, ёсць шмат цікавых прац. Калі камусьці з наведвальнікаў падалося, што ў галерэі «пустата» — дык гэта можа і добра. Развеска сёлета добрая, бо ёсць прастора. Зразумела, што цэнзура цяпер даволі жорсткая: камісія ўсё праглядае некалькі разоў — першы раз пасля адбору прац і другі, калі яны ўжо развешаныя.
Як кажа мастак, за два гады з выставы амаль цалкам зніклі працы, прысвечаныя беларускай рэчаіснасці:
— Цяпер на «Арт-Мінску» сустрэнеш хутчэй працы пра праблемы сусветнага маштабу, чым пра беларускі парадак дня. То-бок гэтая выстава перастала з'яўляцца нейкім зрэзам ці паказчыкам жыцця. Гэта хутчэй абгортка.
«Незадавальняючае пакрыццё». Чаму ў Мінску зніклі вядомыя графіці?
Адкрылася віртуальная выстава мастацкіх твораў, знятых з экспазіцыі «Арт-Мінска»