У Грузіі кіроўная партыя ўнесла ў парламент пакет законаў супраць ЛГБТ

Спікер парламента запэўнівае, што галасоў хопіць.

04.06.2024 / 18:05

Тбілісі. Фото: vecteezy / felix960588

Дэпутаты ад кіроўнай партыі «Грузінская мара» ўнеслі ў парламент Грузіі пакет законаў, якія абмяжоўваюць правы ЛГБТ.

Члены парламента прадставілі законапраект «Аб сямейных каштоўнасцях і абароне непаўналетніх» і папраўкі да 18 законаў.

Законапраекты прадугледжваюць увядзенне забароны на змену полу, усынаўленне і апеку над непаўналетнімі для аднаполых пар, а таксама на правядзенне сходаў, накіраваных на «папулярызацыю» аднаполых шлюбаў, змену полу і ўсынаўленне дзяцей аднаполай парай, піша «Настоящее время».

Мяркуецца таксама забараніць распаўсюд у творах, праграмах і іншых матэрыялах кантэнту пра аднаполыя шлюбы, інцэст, усынаўленне дзяцей аднаполымі парамі і аперацыі па змене полу. Гэта тычыцца ў тым ліку адукацыйных устаноў, СМІ і кінатэатраў. У дзяржаўных дакументах і бланках будуць пазначацца толькі жаночы ці мужчынскі пол, адпаведны генетычным даным.

Таксама ініцыятары законапраектаў прапануюць усталяваць 17 траўня дзяржаўнае свята — «Дзень святасці сям'і». 17 траўня многія краіны свету адзначаюць Дзень барацьбы супраць гамафобіі і трансфобіі.

Спачатку кіроўная партыя мела намер унесці шэраг такіх нормаў у Канстытуцыю, аднак для змяненняў Асноўнага закона ёй не хапае галасоў. Для прыняцця ж звычайных законаў большасці «Грузінскай мары» дастаткова.

Кіроўная партыя раней прыняла закон аб замежным уплыве, які выклікаў у Грузіі масавыя пратэсты. Краіны Захаду пагражаюць краіне санкцыямі і пазбаўленнем статусу кандыдата ў сябры ЕС.

Спікер парламента Грузіі падпісаў закон аб замежных агентах. З гэтага дня ён набывае моц

У Тбілісі разграмілі офіс найбуйнейшай грузінскай апазіцыйнай партыі

Грузія мае намер да 2030 года вярнуць Абхазію і Паўднёвую Асецію і стаць членам ЕС

ЗША ўвядуць візавыя санкцыі за падрыў дэмакратыі ў Грузіі

Чатыры краіны ЕС прапанавалі адмяніць бязвізавы рэжым з Грузіяй, калі Тбілісі прыме закон аб замежных агентах

Nashaniva.com