Брытанская спявачка выпусціла лінейку адзення, каб абараняцца ад 5G. Там ёсць і шапачка з фольгі
6.06.2024 / 9:32
Расказваем, што гэта за даспехі рыцара ў эпоху сучасных тэхналагічных войнаў і колькі яны каштуюць.
Спявачка M.I.A. у панаме з фольгі — медна-нікелевай экранізуючай тканіны. Фота: інстаграм вытворцы OHMNI
Брытанская спявачка M.I.A., якая выступала супраць вакцынацыі падчас пандэміі і выказвалася аб сувязі паміж 5G і COVID-19, працягвае прытрымлівацца канспіралагічных тэорый аб негатыўным уплыве сучасных тэхналогій. Згодна з імі, сувязь 5G, як і іншыя віды сувязі (напрыклад, Bluetooth), небяспечная для здароўя, бо можа выклікаць розныя цяжкія захворванні.
Спявачка M.I.A. у легінсах і понча, якія, як сцвярджаецца, абараняюць ад 5G. Фота: сайт вытворцы OHMNI
Некалькі дзён таму спявачка абвясціла аб выпуску лінейкі адзення, якое рэкламуецца як «даспехі сучаснага рыцара ў эпоху сучасных тэхналагічных войнаў».
Як паведамляецца на сайце яе брэнда OHMNI, гэтае адзенне — «апошні рубеж у захаванні вашай канфідэнцыйнасці, аўтаноміі і правоў на цела і вашы даныя» ў «эпоху разумных гарадоў, лічбавай крыптавалюты, штучнага інтэлекту, NeuraLink, людзей, якіх могуць узламаць хакеры, нулявой канфідэнцыйнасці, DeepMind, збору даных унутры цела і беспрынцыпнага сачэння».
Кошт адзення, якое «на 99,99% абараняе ад 5G-выпраменьвання», складае ад 50 да 400 долараў. Напрыклад, за 50 даляраў можна набыць сумачку для тэлефона ці трусы-баксёры, якія, як сцвярджае вытворца, пашытыя з тканіны, якая на 80% складаецца са срэбра.
Трусы-баксёры. Фота: сайт вытворцы OHMNI
За 100 даляраў прапануецца набыць панаму, якая з аднаго боку выканана з чорнай бавоўны, а з другога — з медна-нікелевай экранізуючай тканіны. «Панама з фольгі — менавіта тое, чаго вы чакалі», — заяўлена на сайце вытворцы.
Панама. Фота: сайт вытворцы OHMNI
Понча і легінсы каштуюць па 200 даляраў. А 400 даляраў давядзецца заплаціць за сукенку ці пухавік, які мае «патайную кішэню-клетку Фарадэя, якая дазваляе адключыць вашы прылады ад Wi-Fi і перадачы даных, умомант стаць неадсочваным і не паддацца ўзлому».
Пухавік і сукенка. Фота: сайт вытворцы OHMNI
«Калі прыхільнікі тэорыі змовы памыляюцца — вы ўсё роўна будзеце ў плюсе, у вас будзе выдатнае адзенне, зробленае з чыстага срэбра і каштоўных металаў. Але калі яны маюць рацыю, вы можаце выратаваць будучае чалавецтва.
Вітаем у OHMNI. Я магу быць геніем, я магу быць махляркай», — напісала спявачка.