Як складваецца лёс докшыцкага капітана Згірскага, якога падазравалі ў кіраванні бандай у балаклавах

Міністэрства ўнутраных спраў на словах настойліва адшпільвае яго ад гучнай справы «банды ў балаклавах», але капітану інкрымінуюць шэраг іншых зладзействаў, якія не дадуць надзеі на волю.

08.06.2024 / 21:30

Два тыдні таму «Наша Ніва» паведамляла пра тое, што ў Докшыцах у рамках «справы налётчыкаў у балаклавах» быў затрыманы капітан мясцовага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі. Па месцы жыхарства якога была таксама знойдзена балаклава і неслужбовая зброя.

Чытайце. Мегаскандал у МУС: супрацоўнік крымінальнага вышуку кіраваў бандай, якая ў балаклавах рабавала дальнабойшчыкаў

Міністэрства ўнутраных спраў не прызнала датычнасць свайго супрацоўніка да зладзействаў.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у зрэжысаванай размове з ведамасным карэспандэнтам (у духу «калі б вы не спыталі, я б пра гэта і не расказваў»), рашуча абверг датычнасць Згірскага да банды налётчыкаў. Пры гэтым нічога не сказаў пра лёс свайго былога супрацоўніка, які, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у гэты момант знаходзіцца ў СІЗА КДБ. 

Магчыма, капітана збіраюцца адшпіліць ад справы налётчыкаў, выставіўшы яму пры гэтым іншыя абвінавачванні? «Нашай Ніве» вядомыя пікантныя дэталі расследавання, але іх немагчыма апублічыць, не даўшы наводку на крыніцы.

Актыўны ўдзел супрацоўніка МУС у арганізаванай злачыннай бандзе шкодзіць рэпутацыі ўсяго ведамства. Таму найбольш імаверна, што справу Згірскага выведуць у асобную і перакваліфікуюць на «перавышэнне службовых паўнамоцтваў» і іншыя артыкулы, якіх будзе дастаткова для жорсткага прысуду.

Міхаіл Згірскі ўдзельнік палітычных рэпрэсій. Мае жонку і дзіця. Фота: Белпол

Былыя супрацоўнікі сілавых органаў пацвярджаюць, што судзіць супрацоўнікаў асобна ад хаўруснікаў — гэта заведзеная практыка. Ад яе рэдка адыходзяць пасля ганьбы на «справе 17», калі ўся краіна ўбачыла ў адной клетцы з наркабаронам Канстанцінам Вілюгам афіцэраў КДБ і МУС.

А свежай ілюстрацыяй такога падыходу можна прывесці гісторыю былога пракурора Віцебска Юрыя Раманоўскага, якую таксама апісвала «Наша Ніва».

Чытайце: Пракурор Віцебска даў паказанні на начальніка СК. Пад суд пайшлі абодва — рэдкая гісторыя

У той час, як падзельнікі Раманоўскага пайшлі па артыкуле «браканьерства», яго самога вывелі з гэтай справы і судзілі за іншае. 

У выпадку са Згірскім цікавы момант яшчэ і ў тым, што бацька Міхаіла, Васіль Згірскі, паводле інфармацыі «Белпола», таксама міліцыянер. Маёр у адстаўцы, чыё апошняе месца службы — начальнік крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС.

Міхаіл Згірскі другі справа. Фота: dokshitsy.by

Нам дакладна вядома, што з асабовым складам Докшыцкага РАУС актыўна працуюць следчыя і службы ўнутранай бяспекі. «Літаральна не вылазяць з РАУСа», — кажуць знаёмыя з развіццём падзей. 

Усе супрацоўнікі мясцовай міліцыі на час следства далі падпіскі аб неразгалошванні.

Nashaniva.com