Прэм'ер Славакіі ўпершыню звярнуўся да нацыі пасля замаху на сваё жыццё. Даруе стралку, але не апазіцыі
Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца ўпершыню звярнуўся з відэазваротам да нацыі пасля замаху на сябе 16 мая. Фіца заявіў, што калі ўсё будзе добра, то ён павінен паступова вярнуцца да працы ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня. З выступу таксама можна зразумець, што ён збіраецца выкарыстаць напад для змагання з палітычнымі праціўнікамі.
05.06.2024 / 20:35
Роберт Фіца. Скрыншот з відэа
«Прыйшоў час зрабіць першы крок, і гэта прабачэнне. Відавочна, што зламыснік быў толькі пасланнікам зла, якое палітычна непаспяховая і расчараваная апазіцыя развязала да некіраваных маштабаў.
Чакаю, што антыўрадавыя СМІ, палітычныя няўрадавыя арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы, і апазіцыя цяпер пачнуць прымяншаць значэнне замаху на мяне. Што гэта быў проста напад вар'ята, што паміж ім і апазіцыяй няма сувязі», — заявіў Фіца.
Самому ж стралку ён хоча «дараваць» і «не адчувае ніякай нянавісці да чалавека, які страляў». Фіца паабяцаў, што не будзе падаваць на гэтага чалавека ў суд і патрабаваць у яго кампенсацыі.
Замах на Роберта Фіца адбыўся 16 мая ў горадзе Гандлава пасля выязнога пасяджэння ўрада. Калі прэм'ер падышоў да мясцовых жыхароў, 71-гадовы мужчына стрэліў у яго некалькі разоў.
Першапачаткова ўлады не называлі імя падазраванага, аднак мясцовыя СМІ на працягу дня высветлілі, што тым, хто страляў, быў мясцовы 71-гадовы літаратар і палітычны актывіст Юрай Цінтула, які быў незадаволены палітыкай Фіца.
Параненага два тыдні таму прэм'ера Славакіі сёння выпісалі з бальніцы
Выздараўленне прэм'ера Славакіі зойме некалькі тыдняў
Здароўе параненага славацкага прэм'ера палепшылася, а выканаўца замаху прызнаў віну
Стала вядома, хто страляў у славацкага прэм'ера Фіца