Кавалеўскі пярэчыць Латушку і расказвае, што запавольвае працэс з пашпартам Новай Беларусі

Прадстаўнік па замежных справах Аб'яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі распавёў «Нашай Ніве» пра галоўную прычыну, якая тармазіць працэс з пашпартамі Новай Беларусі.

07.06.2024 / 14:13

Валер Кавалеўскі

Адна з асноўных праблем, якая прыпыніла рух праекта — немагчымасць падабраць кадры пад орган выдачы пашпартоў.

«Многія беларусы разумеюць, што публічнасць на чале такога праекта будзе азначаць падвышаны інтарэс да іх з боку рэжыму. Не ўсе гатовыя ісці так далёка. Ужо не адна кандыдатура адмовілася ад справы. Калі б у нас былі людзі на запаўненне асноўных месцаў у органе выдачы, мы б рухаліся хутчэй. Бо наяўнасць юрыдычнага органа выдачы з пройдзеным аўдытам з'яўляецца важнай часткай працэсу прызнання пашпартоў», — каментуе Валер Кавалеўскі.

«Так што, калі нехта з чытачоў лічыць, што пасуе на гэтую ролю, калі ласка, звяртайцеся да нас».

Разам з тым Валер Кавалеўскі аспрэчвае заяву Паўла Латушкі пра тое, што праект падвісае.

«Павел Латушка ніколі не меў дачынення да гэтага праекта, гэта не яго зона адказнасці. Сітуацыя не з’яўляецца статычнай, хоць з боку можа выглядаць, што нічога не адбываецца. Насамрэч вядзецца шмат унутранай працы. Мы распрацавалі новы падыход да прызнання дакумента, каб праект стаў паспяховым — мы выйшлі на новыя формулы і людзей, на разуменне, як гэта павінна быць зроблена правільна.

Напрыклад, зараз мы знаходзімся ў Люксембургу, і на канферэнцыі Luxembourg Solutions гучыць тэма міграцыі. І тут ёсць разуменне і прыманне нашых аргументаў наконт таго, што ў пашпарта ёсць значны сэнс, што ён вырашыць сур’ёзную праблему, якая паўстала перад сотнямі тысяч беларусаў. Але паўтаруся: пакуль мы не сфармуем орган выдачы і не будзем мець фізічна выдрукаваныя ўзоры дакументаў на руках, ніводны дыпламат не паабяцае, што будзе прызнаваць яго».

Валер Кавалеўскі таксама распавёў, што каманда праекта працягне супрацоўніцтва з Геральдычнай радай «Пагоня».

«Тая інфармацыя, якая была падсвечаная ў расследаванні БРЦ наконт Мікіты Забугі, разглядае факты з яго мінулага. Мікіта Забуга зрабіў важную працу па распрацоўцы дызайну, у якой таксама ўдзельнічалі Garsų pasaulis — яны насычалі дакумент элементамі бяспекі, прыводзілі яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі. Гэтая ж функцыя застанецца за Геральдычнай радай. Калі будуць патрэбныя нейкія дапрацоўкі па дызайне, мы будзем ісці туды. Але на гэтым усё: яны не будуць мець дачынення да тэхнічнай часткі, да друку. У гэтым сэнсе ў нас няма ніякіх падстаў казаць, што яны не спраўляюцца са сваімі функцыямі ці ў іх нейкія праблемы з рэпутацыяй».

У выпадку, калі Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы прызнае  кампанію Garsų pasaulis нядобранадзейнай, каманда пашпарта «Новай Беларусі» таксама будзе шукаць новых партнёраў для друку дакументаў.

«Не магу пагадзіцца з агучанымі раней тэзісамі, што знайсці альтэрнатыву Garsų pasaulis будзе складана. Я дакладна ведаю, што ёсць цэлы шэраг кампаній у Польшчы, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, у многіх краінах ёсць свае дамы, якія друкуюць дакументы. Я не бачу ніякіх праблем з тым, каб знайсці новую кампанію, якая будзе мець добрую рэпутацыю».

Ці ставяць палітыкі па пашпарце новыя дэдлайны, бо ранейшыя ўжо пратэрмінаваныя?

«Не магу назваць новыя тэрміны. Ёсць абставіны, якія знаходзяцца па-за нашым кантролем. Прашу зразумець, што мы робім справу, якую ніколі не рабілі. Магу толькі прасіць аб цярплівасці. У праекта дакладна ёсць перспектыва», — рэзюмуе Валер Кавалеўскі.

Кампанія, якая прапаноўвала свае паслугі друку «пашпарта Новай Беларусі», звязаная з бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі

«Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі». Герой расследавання пра пашпарт Новай Беларусі расказвае сваю версію падзей

Прэмʼерка Літвы пракаментавала расследаванне ў дачыненні да кампаніі, звязанай з праектам пашпарта Новай Беларусі

Nashaniva.com