Суддзя-перабежчык Шміт так нахвальваў Лукашэнку, што начыста забыўся пра храналогію падзей
Былога польскага суддзю Томаша Шміта, які месяц таму перабег у Беларусь і запрасіў тут палітычны прытулак, адразу ж уключылі ў сістэму рэжымнай прапаганды. Цяпер ён ездзіць па Беларусі і на ўсе лады расхвальвае «новую радзіму» і кіраўніка мясцовага рэжыму. Пры гэтым ніхто не дбае, каб тое, што ён кажа на камеру, адпавядала хоць бы не інтэрпрэтацыйна, а факталагічна.
07.06.2024 / 21:02
Скрыншот з відэа
Так, 6 чэрвеня Томаш Шміт выклаў у сацсетках прапагандысцкае відэа, знятае каля каталіцкага храма святога Станіслава і Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве. Але ў сваім аповедзе пра гісторыю касцёла ён распаўсюдзіў фэйк, заўважыў Kalolik.life.
Шміт у сваім відэа агучыў такі тэкст:
«Мы знаходзімся ў Магілёве, недалёка ад расійскай мяжы. Прыгожы рымска-каталіцкі касцёл у стылі барока. Адрэстаўраваны па рашэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Раней тут была бібліятэка, па рашэнні прэзідэнта касцёл быў вернуты рымска-каталіцкай канфесіі. Хоць каталікоў тут няшмат. Прывітанне з Магілёва».
Аднак жа самы просты фактчэкінг па адкрытых крыніцах праз Google сведчыць, што забраны савецкай уладай храм, насуперак сцвярджэнням польскага грамадзяніна, быў вернуты вернікам у 1990 годзе, калі ўлада ў Беларусі належала Вярхоўнаму Савету БССР, а Лукашэнка з таго ж 1990 года быў толькі адным з трох з лішкам сотняў ягоных дэпутатаў.
Рэстаўрацыя занядбанай святыні завяршылася да 1994 года, то-бок яшчэ да першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, і праводзілася намаганнямі вернікаў пры дапамозе замежных спонсараў, без падтрымкі дзяржавы.
Таксама былы суддзя змаўчаў пра тое, што будынак храма быў перададзены парафіі толькі ў карыстанне і па-ранейшаму застаецца ва ўласнасці дзяржавы. Мясцовыя вернікі і сёння не пакідаюць спроб вярнуць касцёл ва ўласнасць парафіі, але пакуль безвынікова.
Заткне за пояс Качанаву — як польскі перабежчык Шміт хваліць Лукашэнку
Інтэрпал адмовіўся выдаць ордар на арышт польскага суддзі Шміта
У Шміта ёсць «таемная дзяўчына», якая магла быць яго кантактам з КДБ
Збеглы суддзя Шміт хоча атрымаць беларускае грамадзянства. Але мае адну ўмову