Беларусь разгромна прайграла Расіі 0:4 — на ўпершыню за доўгі час запоўненым «Дынама» ВІДЭА галоў
Зборная Беларусі не гуляла дома два з паловай гады.
07.06.2024 / 21:50
Таварыскі матч футбольных зборных Беларусі і Расіі на мінскім стадыёне «Дынама» скончыўся паражэннем гаспадароў з лікам 0:4.
Старт матча быў для беларусаў правальным — першы гол пасля памылкі брамніка Паўла Паўлючэнкі прапусцілі на 8-й хвіліне.
А на 20-й хвіліне не разабраліся абаронцы Сяргей Паліцевіч і Дзяніс Палякоў. Расіяне давялі лік да 2:0.
Найлепшы шанец у беларусаў быў на 60-й хвіліне, калі Максім Кірэеў апынуўся сам-насам з расійскім брамнікам, але не прабіў па варотах, а паспрабаваў абвесці суперніка.
На 63-й хвіліне расіяне падпільнавалі мяч, які адскочыў ад Паўлючэнкі, і зрабілі лік буйным — 3:0.
На 69-й хвіліне давялі лічбы да разгрому — 4:0.
Падчас матча было абвешчана, што на трыбунах прысутнічае 21 483 гледачы — гэта 97% ад агульнай колькасці месцаў. Для арганізатараў матча было важна абазначыць аншлаг — квіткі традыцыйна распаўсюджвалі з дапамогай адміністратыўнага рэсурсу. Зрэшты, і расійскіх заўзятараў на трыбунах было нямала.
Беларусь апошні раз гуляла на тэрыторыі краіны ў 2021 годзе. З таго часу ўсе матчы праводзяцца ў гасцях. Зборная Расіі ўвогуле выступае толькі ў таварыскіх матчах, ад афіцыйных спаборніцтваў краіну адхілілі за вайну з Украінай.